Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе ўстрымацца ад паездак у Кітай
Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе жыхарам Беларусі ўстрымацца ад паездак у Кітай у сувязі з распаўсюджаннем у шэрагу правінцый гэтай краіны новага каранавіруса 2019-nCoV, заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на прэс-канферэнцыі ў Менску 28 студзеня.
Ён адзначыў, што ў адваротным выпадку грамадзяне нашай краіны могуць апынуцца ў эпіцэнтры супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, якія актыўна праводзяцца ў Кітаі, напрыклад трапіць у зону каранціну.
Таксама, паводле слоў міністра, у правінцыях, дзе выяўлены вірус, можа не быць неабходнага ўзроўню сэрвісу, а выканаць праграму турпаездкі акажацца немагчымым. «Асабістая справа кожнага, якое прымаць рашэнне. Мы не рэкамендуем наведваць гэты кірунак», – сказаў Каранік.
Разам з тым забарону на наведванне Кітая ў сувязі з распаўсюджаннем каранавіруса ў гэтай краіне ўводзіць не плануецца, дадаў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной. «Мы не можам парушаць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе свабоднае перамяшчэнне грамадзян па краіне і за яе межамі. Гэта абмежаванне можа быць уведзена толькі па рэкамендацыі СААЗ, чаго на сённяшні дзень няма», – сказаў ён.
Паводле інфармацыі Партнога, у Міністэрства спорту і турызму ўжо паступіла пяць заяў аб ануляванні тураў у Кітай і вяртанні за іх грашовых сродкаў. «З кожным з заяўнікаў персанальна працуе наш юрыст. Сітуацыю трымаем на кантролі», – паведаміў ён. Аднак, паколькі забароны на наведванне Кітая няма, «хутчэй за ўсё, будуць кампенсавацца (турыстамі. – БелаПАН.) фактычна панесеныя выдаткі (турфірм. – БелаПАН.)», дадаў намеснік міністра.
Згодна з законам «Аб турызме», аднабаковая адмова ад выканання абавязацельстваў па дамове аказання турыстычных паслуг з боку заказчыка магчымая «пры ўмове аплаты выканаўцу фактычна панесеных ім выдаткаў».
Паводле дадзеных Дзяржаўнага камітэта КНР па пытаннях аховы здароўя, па стане на 28 студзеня ад пнеўманіі, выкліканай каранавірусам, памерлі каля 100 чалавек. Жыхарам гарадоў Ухань і Хуанган забаронена выязджаць з-за пагрозы распаўсюджвання віруса.
На гэты момант выпадкі заражэння пнеўманіяй новага тыпу пацверджаны ў 25 правінцыях, аўтаномных раёнах і гарадах Кітая, а таксама ў Японіі, Паўднёвай Карэі, Тайландзе, ЗША.
У Беларусі выпадкаў каранавіруса 2019-nCoV на сёння не выяўлена, сцвярджаюць у Міністэрстве аховы здароўя.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе пакуль не ўводзіць якія-небудзь абмежаванні ў частцы наведвання КНР і ў цэлым высока ацаніла санітарна-прафілактычныя меры, што прымаюцца ў Кітаі.
Фота: БелТА