Мінздароўя: У Беларусі зарэгістраваныя ўжо чатыры смерці ад COVID-19
У Беларусі зарэгістраваныя ўжо чатыры смерці ад COVID-19, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім телеграм-канале. Як вынікае з паведамлення, агульная колькасць выпадкаў заражэння каронавіруснай інфекцыяй дасягнула 300.
На стацыянарным лячэнні знаходзяцца 254 чалавекі з пацверджанай каронавіруснай інфекцыяй. „У большасці выпадкаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме, — адзначаецца ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя. — 11 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, ім праведзеныя медыцынскія кансіліумы з удзелам вядучых інфекцыяністаў і анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Стан ацэньваецца як стабільны”.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, паправіліся і выпісаныя з медыцынскіх устаноў 46 пацыентаў. „Зарэгістраваныя 4 выпадкі смерці ўзроставых пацыентаў з наяўнасцю шматлікіх хранічных захворванняў, паводле папярэдніх дадзеных, абцяжараных каранавіруснай інфекцыяй”, — гаворыцца ў паведамленні.
„З мэтай поўнага выяўлення ўсіх магчымых выпадкаў COVID-19 распачалося ў дадатак да цяжкіх пнеўманій тэставанне ўсіх пацыентаў са сярэднецяжкім цячэннем пнеўманіі (з заборам матэрыялу з ніжніх дыхальных шляхоў, а не толькі выкананнем мазка, што значна павышае дакладнасць выяўлення захворвання). У цяперашні час маюцца як айчынныя, так і імпартныя тэст-сістэмы — у запасе больш за 11 тысяч тэстаў для правядзення лабараторных даследаванняў, працуюць 9 лабараторый, яшчэ 3 будуць запушчаныя пры ўзнікненні неабходнасці. На сённяшні дзень пад медыцынскім наглядам як кантакты першага і другога ўзроўню знаходзяцца 9 тысяч 299 чалавек. З іх 1 тысяч 943 чалавекі — у стацыянарных умовах”, — паведамляе ведамства.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у медустановах краіны „сфармаваны неабходны ложкавы фонд”. „Міністэрствам аховы здароўя сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам зацверджаныя планы па перапрафіляванні бальніц у залежнасці ад існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі, з выразнай маршрутызацыяй пацыентаў з інфекцыяй COVID-19, а таксама кантактаў першага і другога ўзроўню, — гаворыцца ў паведамленні. — Пры перапрафіляванні ложкавага фонду адным з асноўных крытэрыяў з’яўляецца таксама аказанне ў поўным аб’ёме ва ўстановах аховы здароўя хуткай (экстраннай і неадкладнай) дапамогі пацыентам з іншымі саматычнымі і хірургічнымі захворваннямі. Аб’ёмы аказання такой дапамогі не зніжаныя ні ў адным рэгіёне рэспублікі аж да цэнтральных раённых бальніц”.
Падкрэсліваецца, што часовае абмежаванне планавай дапамогі ў цяперашні час не мае ўплыву на медыка-дэмаграфічныя паказчыкі.
„Меры, што прымаюцца, накіраваныя на стрымліванне распаўсюджвання інфекцыі за кошт правядзення санэпідрасследаванняў і шпіталізацыі ўсіх пацыентаў, нават з бессімптомным носьбіцтвам, кантактных асоб, дазваляюць стрымліваць лавінападобны рост захворвання, які характэрны для суседніх краін. Галоўная мэта такой працы — своечасова выявіць усіх, хто, магчыма, інфікаваны і можа стаць крыніцай небяспекі для сваіх блізкіх”, — адзначае Міністэрства аховы здароўя.
belapan.by