Сайт Kyky аднавіў працу на новым дамене



Сайт Kyky, заблакаваны 18 чэрвеня па рашэнні Міністэрства інфармацыі, аднавіў працу на новым дамене — Kyky.io.

* * *

Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да сайта www.kyky.org. Рэсурс перастаў быць даступны з 10.00 18 чэрвеня – як у Беларусі, так і за мяжой.

4dd341d58eb45b80fe1ced7881b

Медыя-эксперт Аляксандр Класкоўскі каментуючы блакаванне маладзёжнага сайта адзначае, што ўлада выкарыстоўвае закон „Аб сродках масавай інфармацыі” як інструмент змагання з іншадумствам:

– Невыпадкова ўлада ўнесла пры канцы года летась папраўкі ў закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, якія дазваляюць блакаваць сайты адразу. Чыноўнік вызначае шкоду нацыянальным інтарэсам, і гэтая фармулёўка менавіта ў дачыненні да kyky.org, без суда і следства. Ва ўсім свеце так ці іначай дзяржава сочыць за інтэрнэтам, блакуе нейкую экстрэмісцкую, тэрарыстычную дзейнасць, але ў беларускіх умовах – гэта інструмент палітычнай цэнзуры фактычна, інструмент барацьбы з іншадумствам.

Як сказана ў паведамленні ведамства, рашэнне пра абмежаванне доступу да рэсурсу было прынятае ў адпаведнасці з законам „Аб сродках масавай інфармацыі” „з-за размяшчэння інфармацыі, распаўсюджанне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

„У шэрагу публікацый, размешчаных на гэтым інфармацыйным рэсурсе, утрымліваюцца прыніжальныя выказванні пра дзяржаўныя святы Рэспублікі Беларусь – Дні Перамогі, грамадзянах краіны, якія ў ім бяруць удзел, аспрэчваецца значнасць гэтай падзеі ў гісторыі дзяржавы, тым самым скажаецца гістарычная праўда пра Вялікую Айчынную вайну. Таксама ў матэрыялах на сайце www.kyky.org прысутнічае табуяваная лексіка, пагардлівыя, часам зневажальныя выказванні на адрас прадстаўнікоў пэўных сацыяльных груп, нацыянальнасцяў і рэлігійных канфесій”, – паведамляе Мінінфарм.

Са спасылкай на Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі сказана, што гэтая інфармацыя здольная нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, „у прыватнасці, дасягненню збалансаванасці палітычных інтарэсаў грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў і дзяржавы, развіццю грамадзянскай супольнасці з улікам нацыянальных традыцый і асаблівасцяў; умацаванню духу патрыятызму; забеспячэнню гарманічнага развіцця міжнацыянальных і міжканфесійных адносінаў”.

Мінінфарм таксама нагадвае, што раней былі прынятыя рашэнні пра абмежаванне доступу да 18 інфармацыйных рэсурсаў. „З іх 15 распаўсюджвалі інфармацыю аб продажы і спосабах спажывання наркатычных сродкаў, на адным – прапагандавалася дзіцячая парнаграфія, на двух утрымлівалася табуяваная лексіка. Да аднаго рэсурсу доступ адноўлены”, – заўважае ведамства.

Як паведаміў БелаПАН рэдактар kyky.org Павел Свярдлоў, афіцыйна папярэджання або нейкага іншага паведамлення пра абмежаванне доступу да рэсурсу рэдакцыя сайта не атрымлівала. „Адзіная крыніца інфармацыі пра абмежаванне доступу для нас – гэта сайт Мінінфарма”, – зазначыў Свярдлоў.

Паводле яго слоў, рашэнне міністэрства прадказальнае: „Мы мелі на ўвазе магчымасць такога развіцця падзей, бо некаторыя грамадзяне нам паведамілі пра тое, што яны паскардзіліся наконт зместу адной з публікацый. Адпаведна, калі ёсць скарга, хутчэй за ўсё, будуць ажыццёўленыя нейкія дзеянні. Kyky.org – гэта сайт, на якім публікуюцца розныя меркаванні. Публікацыя пра парад у Дзень Перамогі была адным з меркаванняў (маецца на ўвазе публікацыя „Подзвіг аднаго – заўсёды злачынства іншага” ад 9 траўня.). Калі Мінінфарм лічыць апублікаваныя выказванні зневажальнымі, мы нічога з гэтым зрабіць не можам”. З выкладзенымі Міністэрствам інфармацыі прэтэнзіямі рэдакцыя сайта не згодная, дадаў Свярдлоў.

15 мая інтэрнэт-часопіс kyky.org атрымаў ліст з Міністэрства інфармацыі пра парушэнне заканадаўства пра СМІ з патрабаваннем падаць звесткі пра ўладальніка рэсурсу. Аналагічныя лісты тады атрымалі сайты „Беларускага Радыё Рацыя”, „Тузін гітоў”, „Свабодны рэгіён”, а таксама сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Беларускае Радыё Рацыя/belapan.by