Міністэрства сувязі распрацавала новы дакумент для блакавання сайтаў у Беларусі



Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі распрацаваны праект Указа Прэзідэнта “Аб удасканаленні парадку выкарыстання інфармацыйнай прасторы”. Пра гэта стала вядома з адказу Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Беларусі на зварот прэс-сакратара Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага. У адказе за подпісам Генадзя Бялкова гаворыцца, што Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі распрацаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб удасканаленні парадку выкарыстання інфармацыйнай прасторы”, які прадугледжвае парадак абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюць інфармацыю, забароненую або абмежаваную да распаўсюджвання заканадаўчымі актамі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў  звярнулася ў міністэрства, каб азнаёміцца з тэкстам дакумента, а таксама даведацца, на якім этапе знаходзіцца яго ўзгадненне.

Аднак ва ўпраўленнях электрасувязі, прававой і кадравай працы, а таксама Дэпартаменце інфарматызацыі міністэрства прэс-службе ГА “БАЖ” паведамілі, што нібыта нічога не ведаюць пра падрыхтаваны Указ у галіне інтэрнэта.

Каментуе прэс-сакратар Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Барыс Гарэцкі:

Невядома, чаму ўказ рыхтуецца менавіта цяпер, я е думаю, што ён накіраваны на нейкія дэмакратычныя сайты, ці апазіцыйныя. Я думаю, што ён зараз звязаны з актыўнасцю рознай дэкструктыўнай інфармацыі груп, якія заклікаюць моладзь да самагубстваў, да нейкіх там учынкаў злачынных. Мяркую, што гэты дакумент звязаны з гэтым,а ле невядома як ён будзе выкарыстоўвацца супраць нейкіх дэмакратычных сайтаў, сайтаў апазіцыі.

Са словаў Барыса Гарэцкага Беларуская Асацыяцыя Журналістаў будзе дамагацца публічнага абмеркавання дакументу, каб людзі маглі выказаць нейкія заўвагі, асабліва калі гэта наўпрост тычыцца журналісцкага асяроддзя.

 

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя