Міністр абароны: Не павінна быць смерцяў вайскоўцаў у мірны час



Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў выказаў спачуванні сваякам загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча.

„Я выказваю глыбокія спачуванні бацькам загінулага Аляксандра Коржыча. Ніякімі словамі нельга паменшыць боль ад трагедыі. Цяпер самае галоўнае — аднавіць поўную карціну таго, што здарылася„, — цытуе Раўкова дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Міністр назваў армію „школай для маладых людзей”, а таксама заявіў, што „ў вайсковым калектыве не павінна быць халатнасці і баязлівасці”. „Камандзіры і начальнікі павінны адказваць за падначаленых. Не павінна быць смерцяў вайскоўцаў, асабліва тэрміновай службы ў мірны час”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Раўкова, пазіцыя Мінабароны застаецца нязменнай — няўхільнасць пакарання. „Гэта павінна быць і ў дачыненні да непасрэдна вінаватых, і тых службовых асоб, якія сваімі дзеяннямі, бяздзейнасцю, абыякавасцю прывялі да гэтай сітуацыі„, — сказаў ён.

Звяртаючыся да бацькоў, чые сыны служаць або будуць служыць ва Узброеных сілах Беларусі, Раўкоў сказаў: „Калі вы прыязджаеце на прысягу, звярніце ўвагу, што кажуць камандзіры вайсковых часцей. Яны скажуць, што рабіць у дачыненні да сваіх дзяцей, каб служба прайшла без праблем. Узаемасувязь бацькоў з вайсковай часткай павінна быць пастаяннай„. Калі даверу да кіраўніцтва вайсковых часцей няма, у сваякоў заўсёды ёсць магчымасць прыйсці на прыём да міністра або звярнуцца ў іншыя органы, дадаў кіраўнік Мінабароны.

Ён таксама паведаміў, што ў вайсковай частцы 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтра, дзе служыў радавы Коржыч, пачалася „рэалізацыя мер кадравага, тэхнічнага, арганізацыйнага характару”. „Гэтае пытанне кардынальна вызначым у найбліжэйшым часе”, — сказаў Раўкоў.

21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе медроты. 5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд. Сваякі з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі пра гвалтоўны характар смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі здарэння: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

Паводле даных на 17 кастрычніка, па справе Коржыча ўзятыя пад варту ўжо 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэння, і яго намеснік, капітан за 1989 год нараджэння, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцце мер па прадухіленні гібелі радавога з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое — адхіленыя ад працы. Расследаванне справы знаходзіцца на кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі.

На мінулым тыдні на сайце zvarot.by пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй за адстаўку Раўкова з пасады міністра абароны. Праз некалькі дзён доступ да сайта быў заблакаваны. Не працуе ён і цяпер.

З 16 кастрычніка збор подпісаў за адстаўку Раўкова ў межах кампаніі „Не — дзедаўшчыне” праводзяць актывісты правацэнтрысцкай кааліцыі (Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”). БелаПАН