Міністр адукацыі: Універсітэты самі вырашаюць, за што браць аплату
Загадам рэктара ад 12 лістапада БДУ ўводзіць платныя адпрацоўкі і перасдачы. Супраць такога новаўвядзення падпісаліся 2,5 тысячы студэнтаў гэтай ВНУ.
Універсітэт сам прыняў такое рашэнне. Пра гэта Еўрарадыё падчас прамой лініі распавёў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў:
„Універсітэты самі прымаюць рашэнне і мы ў гэтую працэдуру не ўмешваемся. Гэтая працэдура [перасдачы ці адпрацоўкі] не аплачваецца дзяржавай. Чаму ўніверсітэт не мае права браць за гэта дадатковую плату?”.
Платныя адпрацоўкі і пераздачы ва ўніверсітэтах пачалі ўводзіць сем гадоў таму. БДУ заставаўся адной з апошніх ВНУ, дзе за гэта не трэба было плаціць.
