Міністр аховы здароўя: Падстаў для панікі няма



Сітуацыя з каранавірусам у Беларусі кантралюецца, для панікі няма падстаў, заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на прэс-канферэнцыі ў Менску 28 лютага.

„Нам усім трэба супакоіцца. Калі нейкія праблемы з завозам каранавіруса ўзнікнуць, мы сёння больш гатовыя, чым нават тыднем раней”, — запэўніў ён.

„За сёння ў Менску выкуплена прыблізна 70 тыс. масак, — адзначыў чыноўнік. — Іх пастаянна падвозяць. Калі кажуць, што іх у аптэках няма, трэба разумець, што ёсць дзяржаўныя і камерцыйныя аптэкі. Многія прыватныя аптэкі іх проста не закупляюць, таму што прадаваць іх нявыгадна. Мы ж нарыхтавалі ад 1 да 1,5 млн масак для рэалізацыі ў рэгіёнах”.

Паводле слоў прадстаўніка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыра Бердыклычава, медыцынскія маскі здаровым людзям не патрэбныя, яны неабходныя толькі медыкам, якія кантактуюць з людзьмі.

На раніцу 28 лютага 52 краіны заявілі пра наяўнасць у іх выпадкаў заражэння каранавірусам. Складаных выпадкаў 14%, цяжкіх — 5%, узровень смяротнасці — 2—4%, паведаміў прадстаўнік СААЗ.

Каранік таксама паведаміў, што лячэнне іранскаму студэнту, які знаходзіцца ў мінскай інфекцыйнай бальніцы, не патрабуецца, „у пацыента няма ніякіх сімптомаў”. У аднакурснікаў іранца, якія знаходзяцца ў ваенным шпіталі ў Бараўлянах пад Менскам і ўжо абследаваныя, каранавірус не выяўлены, адзначыў міністр.

Загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў дапоўніў, што іранскі студэнт знаходзіцца ў здавальняльным стане. „Днём мы яго аглядалі. Пацыент без тэмпературы, прыкмет інтаксікацыі ў яго няма”, — заявіў Карпаў.

belapan.by