Міністр юстыцыі: Мяркую, міліцыя збівала журналіста ў межах паўнамоцтваў



Міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі лічыць „не зусім карэктным” каментаваць інцыдэнт з карэспандэнтам tut.by Паўлам Дабравольскім, які адбыўся 25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Менска, бо не ў курсе ўсіх дэталяў, але мяркуе, што міліцыя дзейнічала ў межах сваіх паўнамоцтваў. Пра гэта ён заявіў 10 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Па словах Сліжэўскага, ён „не мае ўсёй паўнаты звестак пра тое, што адбылося”. „Адзінае, тое, што я сам чытаў у сродках масавай інфармацыі, наколькі я зразумеў, дзеянні былі ў пэўнай ступені справакаваныя, і супрацоўнікі ўжывалі меры ў рамках сваіх паўнамоцтваў. Але ацэньваць тое, што адбылося, проста так, зыходзячы з інфармацыі, якая паступае са СМІ, я, безумоўна, не магу. Паколькі ацэнка ў гэтай сітуацыі павінна давацца кампетэнтнымі органамі„, — сказаў кіраўнік Мінюста.

Журналіст Дабравольскі і грамадскія актывісты Максім Шыцік і Павел Сяргей былі збітыя у час судовых слуханняў па рэзананснай „справе графіцістаў”. Сяргей і Шыцік былі з ужываннем грубай сілы выведзеныя з залы суда за тое, што разгарнулі транспарант з надпісам „Не палітычным пераследам” і скандавалі „Мастацтва не злачынства!”. Тое, што адбываецца, здымаў на тэлефон Павел Дабравольскі. Усіх трох супрацоўнікі АМАП заштурхалі ў пакой, дзе збівалі на працягу прыкладна 20 хвілін. У той жа дзень збітых асудзілі за непавагу да суда, дробнае хуліганства, непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі і пакаралі буйнымі штрафамі.

Дабравольскі і Шыцік напісалі заяву ў міліцыю на дзеянні супрацоўнікаў і знялі пабоі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.

Збіванне журналіста атрымала шырокі розгалас у СМІ, і 26 студзеня аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС апублікаваў каментар, у якім заявіў, што Дабравольскі „перашкаджаў законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі” і не рэагаваў на іх заўвагі. Паведамлялася таксама, што Следчы камітэт праводзіць праверку па скарзе Дабравольскага на дзеянні міліцыянераў.

Збіванне журналіста асудзіла прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч і міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН