Мінкульт перанакіраваў зварот гамельчукоў на разгляд мясцовых уладаў



У Міністэрстве культуры Беларусі не сталі разглядаць зварот гомельцаў адносна неабходнасці правядзення археалагічных раскопак на месцы старых габрэйскіх могілак у цэнтры горада. Чыноўнікі перанакіравалі калектыўную петыцыю на разгляд мясцовых уладаў. Паводле аднаго з ініцыятараў інтэрнэт-зварота ў абарону гістарычных могілак Сяргея Ляпіна, такі адказ фактычна развязвае рукі забудоўшчыку.

– Мы атрымалі адказ Міністэрства культуры на зварот. Мінкульт паведаміў, што перанакіраваў зварот у Гомельскі райвыканкам. А гэта значыць, што канчатковы адказ дасць Гомельскі выканаўчы камітэт, пазіцыя якога нам ужо даўно знаёмая. Нядаўна ў СМІ з’явілася дэкларацыя, у якой прадстаўнік гарвыканкама засведчыў, што на месцы будоўлі пахаванняў няма. Гэта значыць, што гарвыканкам не будзе сур’ёзна займацца гэтым пытаннем. Чыноўнікі ў кожным выпадку займаюць пазіцыю забудоўшчыка.

У канцы 2016 года кампанія-забудоўшчык „Укс-Дронго” анансавала будаўніцтва жыллёвай зоны пад назвай „Ветразь” у цэнтры Гомеля. У якасці будаўнічай пляцоўкі было абранае скрыжаванне вуліц Сожскай і Валатаўской. Гомельскія гісторыкі і краязнаўцы заўважаюць, што на гэтым месцы яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся старадаўнія габрэйскія могілкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель