Мінкультуры і Мінлясгас не каментуюць дэмантаж крыжоў у Курапатах



У Міністэрстве культуры і Міністэрстве лясной гаспадаркі не каментуюць дэмантаж крыжоў на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.

Прэс-сакратар Мінкультуры Ілона Немава адмовілася ад каментара для БелаПАН, прапанаваўшы накіраваць запыт па электроннай пошце.

Тое, што адбываецца зараз ва ўрочышчы, таксама не каментуюць у Мінлясгасе. У прыёмнай міністра паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй, дадаўшы, што прэс-сакратар міністэрства, якая магла б адказаць на пытанні, знаходзіцца на нарадзе ў кіраўніцтва.

У Бараўлянскім спецлясгасе, якому падпарадкоўваецца тэрыторыя ўрочышча і спецыялісты якога дэмантавалі крыжы, БелаПАН паведамілі, што „на гэты момант нікога няма з кіраўніцтва”.

Тым часам дырэктар Бараўлянскага спецлясгаса Аляксандр Мірановіч з’явіўся ў Курапатах. Журналісты паспрабавалі высветліць у яго, чаму зносяць крыжы. Ад каментароў ён адмовіўся і папрасіў усіх звяртацца ў прэс-цэнтр Мінлясгаса.

Раніцай 4 красавіка на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам паводле рашэння ўладаў з дапамогай спецтэхнікі дэмантаваныя 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі. На месцы міліцыяй затрыманыя сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, грамадскія актывісты Дзяніс Урбановіч, Зміцер Дашкевіч і Філіп Шаўроў.

Паводле апошняй інфармацыі, каля тэхнікі, куды грузяць знесеныя крыжы, таксама затрымалі актывістак Ніну Багінскую і Валянціну Яроменак.