Мінлясгас „гатовы вярнуць” крыжы з Курапатаў



У Міністэрстве лясной гаспадаркі кажуць, што Бараўлянскі спецлясгас верне ўласніку крыжы, дэмантаваныя ў Курапатах. Але для гэтага трэба падаць дакументы, якія сведчаць пра права ўласнасці на іх.

Пра гэта „Свабодзе” сказала прэс-сакратарка ведамства Анастасія Дакучаева.

Дырэктар спецлясгасу Аляксандр Мірановіч пацвердзіў журналістам словы пра вяртанне крыжоў. Але не паведаміў, дзе яны цяпер знаходзяцца.

Як вядома, 70 крыжоў па перыметры народнага мемарыялу, дэмантаваныя спецтэхнікай 4 красавіка, усталёўваў год таму маладафронтафец Зміцер Дашкевіч з памочнікамі. Ён кажа, што дакументы, якія даказваюць, чыя гэта ўласнасць, прыклаў да заявы ў пракуратуру, якую аднёс у панядзелак. Да заявы прыкладзеныя копіі чэкаў на дрэва, метал, фарбу — на ўсё, з чаго рабіліся крыжы. «Забяром гэтыя крыжы і захаваем да лепшых часоў”, – дадае Дашкевіч.

На месцы дэмантаваных крыжоў улады цяпер ставяць агароджу.