Мінлясгас прызнаў, што мігранты незаконна секлі лес
У сярэдзіне лістапада з’явілася петыцыя з патрабаваннем праверыць законнасьць высечкі лесу мігрантамі каля беларуска-польскай мяжы недалёка ад пункта пропуску «Брузгі».
Яе падпісалі 1500 чалавек, ліст накіравалі ў Гарадзенскі лясгас, абласную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, Мінлясгас.

І вось у адказе Міністэрства на петыцыю беларусаў напісана, што дзеянні мігрантаў падпадаюць пад частку 2 артыкула 16.17 КаАП — незаконная высечка.
Праўда, ведамства назвала гэта «высечкай адзінкавых дрэў».
Пра інцыдэнт на беларуска-польскай мяжы стала вядома 8 лістапада, калі фатаздымкі мігрантаў, якія сякуць дрэвы ў стыхійным лагеры, апублікавала дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Незаконнае высяканне лесу прадугледжвае штраф у памеры да 30 базавых велічыняў — 870 рублёў.
