Мінпрацы: Бацькоўскі адпачынак прапануецца неаплатным
Бацькоўскі адпачынак у Беларусі прапануецца неаплатным, аднаразовым і не большым за 14 дзён, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску 14 жніўня намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.
Паводле яе слоў, пры распрацоўцы заканадаўчай нормы ўлічваўся міжнародны вопыт. Права на бацькоўскі адпачынак замацаванае ў заканадаўстве 25 краін. Як правіла, такі адпачынак даецца на кароткі тэрмін, ён не перавышае 14 дзён. Дзесьці ён аплачваецца за кошт бюджэту, дзесьці — за кошт наймальніка, сродкаў сацыяльнага страхавання, дзесьці не аплачваецца зусім.
Норма ўнесеная ў праект Працоўнага кодэкса і будзе разгледжаная Палатай прадстаўнікоў. Мяркуецца, што паводле жадання бацькі наймальнік будзе абавязаны даць яму адпачынак тэрмінам да 14 дзён у першыя паўгода пасля нараджэння дзіцяці. Адпачынак даецца аднаразова, гэта значыць калі бацька вырашыў узяць сем дзён адпачынку, то астатнія дні ўзяць ужо не атрымаецца. Бацькоўскі адпачынак, як і іншыя сацыяльныя адпачынкі ў краіне, не будзе аплачвацца, растлумачыла Арцёменка.
„Праект пакуль знаходзіцца ў распрацоўцы, таму, магчыма, норма пра бацькоўскі адпачынак будзе дапрацоўвацца”, — сказала прадстаўніца Мінпрацы.
Яна паведаміла, што для вывучэння грамадскай думкі па гэтым пытанні Мінпрацы замовіла Цэнтру сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ сацапытанне. Яно было праведзенае ў красавіку—траўні гэтага года. Выбарка склала 1.000 рэспандэнтаў, было ахоплена 78 населеных пунктаў — ад абласных гарадоў да сельскай мясцовасці.
На пытанне аб стаўленні да ўвядзення ў краіне бацькоўскага адпачынку 66,2% апытаных адказалі станоўча. Сярод мужчын станоўча выказаліся 61,2%, сярод жанчын — 70,3%. Пры гэтым 44,9% рэспандэнтаў сказалі, што скарысталіся б бацькоўскім адпачынкам. Палова з іх ва ўзросце ад 30 да 44 гадоў. Траціна апытаных не скарысталіся б адпачынкам, астатнія не здолелі адказаць.
Зараз у адпачынку па доглядзе дзіця да трох гадоў знаходзіцца ад 3 да 4 тыс. мужчын. Арцёменка адзначыла, што гэтая лічба не мяняецца апошнія гады.
Адказваючы на пытанне аб заснаванні ў Беларусі афіцыйнага свята — Дня бацькі, Арцёменка паведаміла, што гэта прадугледжана нацыянальным планам дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2017—2020 гады. „Мы ўжо вывучылі меркаванне з гэтай нагоды зацікаўленых дзяржаўных органаў. Запытвалі меркаванне міністэрстваў унутраных спраў, адукацыі, культуры, інфармацыі, грамадскіх аб’яднанняў”, — сказала яна, адзначыўшы, што ўсе гэтую прапанову падтрымалі.
Плануецца, што Дзень бацькі будзе ўсталяваны ў трэцюю нядзелю чэрвеня — у Міжнародны дзень бацькі.