Мінпрацы прапануе абмеркаваць праект «Годнае даўгалецце-2030»



Праект пастановы Савета Міністраў «Аб зацвярджэнні Нацыянальнай стратэгіі Беларусі  «Годнае даўгалецце – 2030»  вынесены на грамадскае абмеркаванне, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Стратэгія прадугледжвае вырашэнне ключавых задач. Перш за ўсё гэта абарона правоў і годнасці пажылых грамадзян, стварэнне ўмоў для іх сацыяльнай уключанасці і ўсебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства. Плануецца забяспечыць магчымасці для навучання на працягу ўсяго жыцця, расшырыць доступ да адукацыі і павышэння кваліфікацыі і такім чынам стымуляваць больш доўгае працоўнае жыццё, дапамагчы сфармаваць камфортны ўзровень даходу. У прыярытэце і стварэнне ўмоў для здаровага і бяспечнага жыцця, развіццё сацыяльнага абслугоўвання, адаптацыя інфраструктуры да патрэбнасцяў пажылых грамадзян.

Дакумент распрацаваны з улікам палажэнняў закона »Аб дэмаграфічнай бяспецы Беларусі« і напрамкаў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на перыяд да 2030 года. Мэта – фармаванне грамадства для людзей усіх узростаў, стварэнне ўмоў для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу пажылых грамадзян, устойлівага павышэння якасці іх жыцця з дапамогай сістэмнай адаптацыі дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў да старэння насельніцтва.

Свае заўвагі і прапановы па праекце можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі з 17 па 27 лютага.

Арганізатар грамадскага абмеркавання – Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

БелТА