Мінпрацы растлумачыла, як не трапіць у „пенсійную пастку”
Перыяды прадпрымальніцкай, іншай дзейнасці, на працягу якіх выплата страхавых узносаў ва ўстаноўленым парадку не ажыццяўлялася, не ўключаюцца ў стаж работы для назначэння пенсіі і не ўлічваюцца пры вылічэнні яе памеру. Аб гэтым і іншых нюансах таго, як не трапіць у „пенсійную пастку”, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў расказаў у час анлайн-канферэнцыі на сайтах БЕЛТА і міністэрства.
Ад грамадзян паступіла нямала пытанняў, звязаных з умовамі назначэння пенсіі. Напрыклад, грамадзяніну, які даглядаў інваліда I групы з атрыманнем дапамогі, гэты час залічваецца ў агульны стаж і ўлічваецца ў памеры пенсіі. Аднак, паколькі выплата страхавых узносаў у гэты перыяд не ажыццяўляецца, ён не ўлічваецца ў мінімальна неабходны стаж работы з выплатай страхавых узносаў, патрэбны для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце.
„З падачы СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў сітуацыя, калі людзі, якія на працягу жыцця працавалі менш за 10-15 гадоў, да моманту дасягнення пенсійнага ўзросту не зарабілі права на працоўную пенсію, атрымала назву „пенсійная пастка”, „пастка страхавога стажу”. Але пэўныя ўмовы для атрымання пенсіі, у тым ліку па працягласці стажу работы (афіцыйнай занятасці, пацверджанай ва ўстаноўленым парадку) з выплатай страхавых узносаў у фонд сацабароны, у пенсійным заканадаўстве прысутнічалі і да прыняцця рашэнняў аб павышэнні стажавых патрабаванняў”, – адзначыў Валерый Кавалькоў.
У 2018 годзе для назначэння пенсіі неабходна мець не менш за 16 гадоў 6 месяцаў работы з выплатай узносаў (штогод гэта патрабаванне павялічваецца на 6 месяцаў да 20 гадоў у 2025 годзе, гэта значыць у 2019 годзе трэба мець ужо 17 гадоў работы і гэтак далей).
Калі па нейкіх прычынах на дату дасягнення пенсійнага ўзросту неабходны стаж адсутнічае, можна прадоўжыць працоўную дзейнасць і дапрацаваць адсутны перыяд. Заканадаўства гэтага не забараняе.
Валерый Кавалькоў звярнуў увагу на тое, што для фарміравання паўнаважкага страхавога стажу (за год работы – год страхавога стажу) неабходна выплата ўзносаў у фонд за ўвесь перыяд гэтай работы з заработку не ніжэй за мінімальную зарплату. Інфармацыю аб перыядах выплаты ўзносаў і велічыні заработнай платы (даходу), з якіх яны выплачваліся, можна атрымаць у тэрытарыяльных органах фонду сацабароны насельніцтва.
Начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Мурашкевіч дадала, што статыстычныя даныя аб колькасці грамадзян, якія не набылі права на пенсію, у тым ліку па прычыне адсутнасці стажу, не фарміруюцца. Яна адзначыла індывідуальны падыход пры назначэнні пенсіі з недастатковым стажам. „Калі да пенсійнага ўзросту чалавек мае толькі пяць гадоў работы, то заканадаўствам улічваецца, па якіх прычынах гэта адбылося. Калі ён вучыўся, служыў у арміі, ажыццяўляў догляд (дзяцей, інвалідаў, састарэлых), іншую сацыяльна значную дзейнасць, то гэтыя абставіны прымаюцца пад увагу пры назначэнні пенсіі: страхавы стаж зніжаецца да дзесяці і нават пяці гадоў”, – падкрэсліла спецыяліст.
Аднак, калі мелі месца іншыя прычыны, напрыклад, „шэрая” занятасць, то гарантыі дзяржавы ў гэтым выпадку будуць мінімальнымі – сацыяльная пенсія ў больш высокім узросце.