Мінпрыроды: Колькасць зуброў у Беларусі наблізілася да аптымальнай
Колькасць зуброў у Беларусі набліжаецца да аптымальнай — на 1 лютага 2016 года яна склала 1.428 асобін, паведамляе сайт Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Работы па захаванні папуляцыі вядуцца на падставе ўхваленай урадам канцэпцыі, а таксама планаў кіравання і мерапрыемстваў па захаванні і рацыянальным выкарыстанні зуброў на 2015—2019 гады. Зараз у краіне налічваецца 10 мікрапапуляцыі зубра: Белавежская, Барысаўска-Бярэзінская, Азяранская, Налібоцкая, Палеская, Асіповіцкая, Азёрская, Ляскавіцкая, Найдзянская і Краснаборская. У тройцы найбуйнейшых — Белавежская (480 асобін), Асіповіцкая (350) і Азёрская (196).
Летась загінула 15 зуброў. Асноўнымі прычынамі сталі старасць, траўмаванне суродзічамі і ўскладненне пасля раненняў, браканьерства і сутыкненне з аўтатранспартам. Восем асобін былі перавезеныя ў Казахстан для стварэння новых мікрапапуляцый зуброў, якія вольна жывуць, за межамі Беларусі, паведамляе прыродаахоўнае ведамства.
Раней прадстаўнікі Мінпрыроды заяўлялі, што пастаўленая мэта зрабіць зубра не вальерным, а дзікім зверам у Беларусі, „неад’емным элементам” беларускай прыроды, і ў перспектыве выключыць яго з Чырвонай кнігі.