Мінтранс – за больш жорсткае пакаранне за кіраванне аўтамабілем без тэхагляду
Пакуль афіцыйных прапаноў наконт гэтага ва ўрад не накіроўвалася, але, як заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік ўпраўлення аўтадарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў, цяперашнія штрафы ў палову базавай велічыні не надта палохаюць парушальнікаў.
– Магчыма, нам трэба пераймаць досьвед Расейскай Федэрацыі. Там ужо падрыхтавалі праект федэральнага закона , які забараняе ўдзел у дарожным руху аўтамабіляў з няпройдзеным тэхаглядам. Не нашая палова базавай і едзь далей, а штрафстаянка. Бо гэта бясьпека руху, гэта не твая асабістая справа, гэта справа ўсяго грамадства.
Нагадаем, што з 1 студзеня 2014 года ў Беларусі ўведзены так званы «падатак на аўтамабіль» – без яго аплаты ўладальнік аўто не дапускаецца да праходжання тэхагляду, за які таксама трэба плаціць. Падатак у залежнасці ад вагі машыны складае ад 7 да 14 базавых велічынь. Гэтыя грошы, паводле чыноўнікаў, ідуць на рамонт беларускіх дарог.
Напрыканцы года Мінтранс абяцае поўную справаздачу па выкарыстанні гэтых грошай.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sb.by