Мінула 55 гадоў ад знішчэння Фары Вітаўта



Мінула 55 гадоў ад знішчэння найстарэйшага рыма-каталіцкага храма Гародні — Фары Вітаўта.

fara-vitauta

Да масавага адабрэння дзеянняў бальшавіцкіх уладаў у Гародні не даходзіла. Мясцовыя вернікі як маглі адстойвалі храм, які пуставаў дзесяцігоддзі. Чаму зруйнавалі «Фару» кажа гісторык Алег Трусаў, які займаўся раскопкамі храма ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.

—Таму і ўзарвалі, што гэта дамінанта. Падмуркі захаваліся ідэальна, бо ўзрывалі па метадзе прафесара Грыгарэнкі. Закладалі маленькія зарады, а потым узрывалі, і яно нібы нажом зразала, але падмуркі заставаліся цэлыя. На іх можна ставіць, яны не разбураныя, а ў ідэальным стане.

Я пісаў лісты ўладам і ўлады нават пагадзіліся аднавіць фару. У мяне захаваліся лісты, што яны згодныя аднавіць, але няма грошай. І пасля гэтых лістоў з’явіўся той помнік, што стаіць. То бок вядома, што месца як бы ўжо занятае і ніхто лядовага палацу тут будаваць не будзе. Вельмі важна, што гэтае месца — занятае. Іншая справа, што там шыльдачка не зусім дакладная: не выглядаў ён так у 61-м годзе.  

img_3338

Гісторык Віктар Кірэеў:

— Там стаялі канешне, маліліся, хацелі можа неяк гэта прадухіліць. Нібыта былі пагрозы: калі вы ўзарвяце наш касцёл, дык мы ўзарвем ваш палац тэкстыльшчыкаў. І такія плёткі хадзілі па горадзе. Ці гэта было праўдай мабыць толькі ў архівах КДБ можна пацвердзіць.

— Калі ўсё ж такі выбух адбыўся і гэтая святыня лягла на зямлі, як груда цэглы, друзу, дык крыж не ўпаў плазам, ён уваткнуўся ў зямлю. І нехта з людзей, з натоўпу, сказаў: «Гэты храм будзе адноўлены. На гэтым месцы так нічога не пабудуюць». Калі гэта прароцтва, дык часткова яно ўжо спраўдзілася.

Аляксандр Мілінкевіч:

— У сённяшнім фарным, галоўным касцёле Гародні быў такі дзяжурны страйк. Бабулькі, і я нават ведаю, хто кіраваў гэтым працэсам, яны днявалі і начавалі ў храме. І сапраўды была ідэя ўзарваць і гэты касцёл, у ім ужо не было святара. Я бачыў планы, якія былі. А яны былі простыя: на месцы былой ратушы, а гэты прыкладна па цэнтры Савецкай плошчы, пабудаваць вялізны Дом Саветаў, бо не касцёлы павінны дамінаваць, а саветы.

Для гарадзенцаў гэты храм нагадвае таксама пра месца спачыну Вялікага князя літоўскага Сьцяпана Батуры, пры якім храм і стаў каменным.

Ніхто ў Гародні з карэнных жыхароў не сумняваецца, што Фара Вітаўта павінна быць адноўленая. Толькі ў якім унутраным напаўненні? Ці гэта будзе каталіцкі храм, ці канцэртная зала? Але хіба галоўныя прычыны — гэта адсутнасць фундатара і кіраўніка выканаўчай улады — патрыёта, які б гэтую тэму падняў у грамадстве.

fara-30

milin

panarama

image description

fara-interer

farnyj-1795

Здымкі прадаставіў гісторык архітэктуры Ігар Трусаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня