Мінулай ноччу на 9-ці метэастанцыях абнавіліся антырэкорды



У ноч на 21 верасня на дзевяці метэастанцыях абнавіліся тэмпературныя антырэкорды, а ў Васілевічах (Гомельская вобласць) паўтораны антырэкорд 117-гадовай даўніны, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўнай карты тэмператур і архіва Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

Халадней за ўсё было ў раёне метэастанцыі „Палеская” на ўсходзе Берасцейскай вобласці — 3 градусы марозу (антырэкорд ночы тут -2,6 градуса ў 2007 годзе). Мінімумы абнавіліся таксама ў Оршы — -2,3 (-2,1 у 1996 годзе), Ганцавічах — -2 (-1,7 у 2007-м), Брагіне — -2 (-1,3 у 1963-м), Пружанах — -0,3 (+0,8 у 1997-м), Мсціславе — -0,2 (+3,3 у 2010-м), Нарачы — +0,1 (+1,4 у 1984-м), Стоўбцах — +0,1 (+0,5 у 1997-м) і Вілейцы — +0,6 (+0,7 у 1969-м).

Паўтарэнне антырэкордаў ночы зафіксаванае ў Васілевічах (-0,7 градуса ў 1902 годзе) і Акцябры (-0,9 у 2007-м).

Антырэкорд ночы для ўсёй тэрыторыі краіны выстаяў (-4,1 у Клічаве ў 1996 годзе).

Напярэдадні, 20 верасня, начны мінімум абнавіўся у Мсціславе — +1,2 супраць +3,2 у 2014 годзе, аднак метэаназіранні там пачаліся параўнальна нядаўна.

Як раней паведамляў БелаПАН, 2, 3, а таксама з 9 па 12 верасня фіксаваліся новыя абсалютныя максімумы тэмператур.

Паводле прагнозу Белгідрамета, 22 верасня начныя тэмпературы чакаюцца ў межах 6—11 градусаў цяпла, а 23-га і 24-га зноў чакаюцца замаразкі да -3 градусаў.

belapan.by