Мінюст пачаў пазапланавую праверку грамадскага аб’яднання „Экадом”
Міністэрства юстыцыі пачало пазапланавую праверку адпаведнасці дзейнасці грамадскага аб’яднання „Экадом” патрабаванням заканадаўства, паведамляецца на старонцы экалагічнай арганізацыі ў „Фэйсбуку”.
„У тэрмін да 9 ліпеня Мінюст просіць „Экадом” падаць велізарны пералік дакументаў, якія тычацца дзейнасці арганізацыі, — гаворыцца ў паведамленні. — Паказальна, што ліст арганізацыі быў накіраваны 22 чэрвеня, а 21 чэрвеня „Экадому” споўнілася 25 гадоў”.
„Экадом” — найстарэйшая ў Беларусі экалагічная арганізацыя. 25 гадоў мы прапагандуем ідэі ўстойлівага развіцця, займаемся абаронай экалагічных правоў грамадзян і імплементацыяй Орхускай канвенцыі ў Беларусі. „Экадом” таксама назіраў за ходам будаўніцтва Астравецкай АЭС і рыхтаваў экспертныя заўвагі”, — падкрэслілі ў аб’яднанні.
Член рады „Экадома” Ірына Сухій у каментары для БелаПАН заўважыла: аб’ём запытаных у межах праверкі дакументаў такі вялікі, што гэта можна расцэньваць як умяшанне ў дзейнасць арганізацыі.
„Але ўсё, што адбываецца апошні год у краіне, не выклікае ілюзій, — сказала яна. — Мы не адзіная арганізацыя, да якой прыйшлі. У некага праверкі ліквідацыяй заканчваюцца, у некага — папярэджаннем. Мы працягваем сваю працу, рыхтуем дакументы і будзем глядзець за развіццём падзей”.
Раней паведамлялася, што Мінюст ініцыяваў аналагічныя праверкі шэрагу арганізацый, у тым ліку асветна-сацыяльнага грамадскага аб’яднання „Звяно”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, праваабаронча-асветнага грамадскага аб’яднання „Рух „За Свабоду”.