Мінюст падаў пазоў у суд аб ліквідацыі БАЖ
Міністэрства юстыцыі накіравала ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) у сувязі з непрыманнем мер па ліквідацыі парушэнняў і паўторным пісьмовым папярэджаннем.
Раней Мінюст вынес БАЖ пісьмовае папярэджанне. «Сваім лістом БАЖ на адрас Міністэрства юстыцыі прызнала выяўленыя парушэнні і неабходнасць іх ліквідацыі. Аднак ва ўстаноўлены тэрмін дадзенае грамадскае аб’яднанне не прыняло мер па ліквідацыі парушэнняў, што недапушчальна», – цытуе REFORM.by прэс-службу Мінюста.
Міністэрства нагадвае, што пасля атрымання папярэджання грамадскае аб’яднанне абавязана пісьмова паведаміць аб ліквідацыі парушэнняў і прадаставіць пацвярджаюць дакументы не пазней чым у трохдзённы тэрмін пасля тэрміну ўстаранення парушэнняў, устаноўленага ў пісьмовым папярэджанні.
Адметна, што само папярэджанне вынесена намеснікам міністра Сяргеем Каліноўскім 8 ліпеня. На канверце стаіць штамп адпраўкі 9 ліпеня. Аднак трэкінг заказных лістоў Белпошты паказвае, што ліст быў прыняты ад адпраўшчыка 13 ліпеня — за дзень да ператрусу ў офісе арганізацыі, які адбыўся 14 ліпеня.
У папярэджанні гаворыцца, што ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» не прадаставіла ўсе запатрабаваныя раней дакументы, а таксама ў міністэрства ўзніклі пытанні да дамоваў для юрыдычных адрасоў некаторых філій арганізацыі. Мінюст загадваў прыняць меры па ліквідацыі парушэння, пра што праінфармаваць ведамства 16 ліпеня.
Аднак прадстаўнікі БАЖ не могуць прадставіць гэтыя дакументы, бо офіс арганізацыі апячатаны пячаткай МУС, і патрапіць туды няма ніякай магчымасці.