Мінюст праводзіць пазапланавыя праверкі ў прадэмакратычных грамадскіх аб’яднаннях



Міністэрства юстыцыі праводзіць пазапланавыя праверкі ў прадэмакратычных грамадскіх аб’яднаннях. Праваабаронцы непакояцца, што патрабаванні рэгістравальнага органа могуць прывесці да ліквідацыі буйных і ўплывовых арганізацый.

Дырэктарка “Цэнтра прававой трансфармацыі” Вольга Смалянка заўважае, што Міністэрства юстыцыі ў працэсе праверкі недзяржаўных аб’яднанняў часта перавышае свае паўнамоцтвы:

– Рэгіструючы орган праводзіць праверкі як правіла ў арганізацыях, якія сапраўды навідавоку. Запытваюць інфармацыю пра дзейнасць арганізацыі, пра ўдзел у канферэнцыях, выставах, спісы чальцоў, дамовы з юрыдычнымі асобамі, са староннімі арганізацыямі. То бок фактычна гэта ўся дакументацыя. А многія з гэтых дакументаў рэгіструючыя органы ўвогуле не маюць права патрабаваць. Таму што згодна з законам аб грамадскіх аб’яднаннях, дзяржаўныя органы ўвогуле не маюць права ўмешвацца ва ўнутраную дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў.  

 На дадзены момант вядома, што праверкі праводзяцца ў экалагічнай арганізацыі “Экадом”, “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, “Згуртаванні беларусаў свету “Бацькаўшчына”, “Цэнтры “Трэці сектар” і некаторых іншых вядомых структурах грамадзянскай супольнасці.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота belngo.info