Мінюст зрывае рэгістрацыю “Сацыяльна-Хрысціянскага Руху”




Дасылаюць лісты з асаблівымі пытаннямі, просяць пералічыць статутныя палажэнні. Міністэрства юстыцыі засыпала карэспандэнцыяй удзельнікаў “Сацыяльна-хрысціянскага руху”. Мінюст таксама не верыць, што адбыўся ўстаноўчы сход –  гаворыць старшыня арганізацыі Вольга Кавалькова. Гэта ўжо другая спроба зарэгістраваць “Сацыяльна-Хрысціянскі Рух”. Першы раз чыноўнікам не спадабалася адна з мэтаў арганізацыі, а менавіта “абарона правоў грамадзянаў”, распавядае Вольга Кавалькова:

– Першы раз нам адмовілі з-за таго, што ў нас не быў пазначаны нумар кабінета, дзе размяшчаецца кіроўны орган, і з-за таго, што ў нас у статуце было прадугледжана, што мы плануем абараняць правы і інтарэсы грамадзянаў Беларусі. Міністэрства юстыцыі палічыла, што мы не маем на гэта права. Але, калі паглядзець статуты беларускіх праўладных арганізацыяў, напрыклад, Саюза жанчын, то там яны акурат абараняюць правы жанчыны.

РР: Чакайце, Мінюст кажа, што паводле закону нельга, каб нейкая арганізацыя займалася абаронай правоў грамадзянаў?

Вольга Кавалькова: Так. Яны кажуць, што мы маем права абараняць толькі інтарэсы сваіх чальцоў. Але я прааналізавала шмат дакументаў праўладных арганізацыяў, шмат у якіх ні нумара кабінета няма, ні ў “Белай Русі”, ні ў БРСМ, на што суддзя Вярхоўнага Суда проста павяла плячыма і сказала, што прэцэдэнтнага права ў Беларусі няма, таму “прабачце, іх зарэгістравалі, гэта адна справа, а як зарэгіструюць вас – гэта ўжо іншая справа, мы разбіраемся з вашымі дакументамі.” І ў гэтым, вядома, падвойныя стандарты.

Зараз мы падалі поўны камплект дакументаў, які прадугледжаны заканадаўствам, спісы заснавальнікаў, інфармацыю і фатаздымкі, якія сведчаць аб тым, што сход адбыўся, арэнда памяшкання,  у якім праходзіў сход, яна афіцыйная, СМІ таксама пра сход пісалі…

Зараз Міністэрства юстыцыі разаслала лісты заснавальнікам арганізацыі, цэлы ліст з шэрагам пытанняў, дзе яны спрабуюць даведацца, дзе адбываўся сход, ці ставілі Вы свой подпіс у спісе заснавальнікаў, якія мэты арганізацыі і як прымаўся статут. У прынцыпе, у маім досведзе падачы дакументаў на рэгістрацыю, гэта першы такі ліст з пашыранымі пытаннямі. Раней маглі проста запытаць па тэлефоне, ці з’яўляецеся Вы заснавальнікам.

РР: Але юрыдычна яны маюць права такімі рэчамі займацца?

Вольга Кавалькова: Заканадаўча ім нададзена права правяраць дакументы, якія прадстаўлены. Але права запытваць, ціснуць на людзей…

РР: Вы лічыце, што ўлада аказвае ціск і пужае ўдзельнікаў “Сацыяльна-Хрысціянскага Руху”?

Вольга Кавалькова: Вы зразумейце, што за 20 гадоў людзі сутыкнуліся ўжо з ціскам з розных бакоў, і калі чалавеку прыходзіць ліст з Міністэрства юстыцыі, і тым больш не такі лаяльны, што Вы можаце сказаць, а можаце і не, калі яны патрабуюць, каб чалавек гэта сказаў… Я думаю, што мэта ў Мінюсту таксама запужаць. Мы бачым адну і тую ж мадэль. Чаму не стэлефанавацца са мной? Усе гэтыя людзі ёсць на фатаздымках, яны ўсе былі на сходзе, яны ўсе падпісваліся, у нас ёсць відэа нашага схода. Але Мінюст не камунікуе са мной як са старшынёй гэтай арганізацыі, але вось лічаць, што трэба дасылаць заснавальнікам такія запужвальныя лісты. Некаторыя людзі сапраўды, убачыўшы слова Міністэрства юстыцыі, бачаць у нашых органах улады не хаўрусніка, яны бачаць орган, які можа ўжыць нейкія рэпрэсіі супраць іх.

РР: На Вашу думку, Мінюст зрывае арганізацыю гэтага Руху?

Вольга Кавалькова:  Відавочна, што так. Калі б яны хацелі даведацца нейкую інфармацыю, мы адкрытыя для супрацы. І мы гэта заўсёды паказваем у перыяд паміж рэгістрацыямі. Мы працуем з уладай і рознымі міністэрствамі, і ніякіх праблемаў няма. Тым больш, гэта ж грамадскае аб’яднанне, якое ставіць за мэты абсалютна сацыяльныя пытанні. На сходзе мы агучваем, чым мы будзем займацца: дабрачыннай дзейнасцю, пытаннямі, звязанымі з сіротамі, з непаўнаспраўнымі, з дэалкагалізацыяй насельніцтва. Гэта ў прынцыпе непалітычныя пытанні, гэта пытанні, якія хвалююць людзей. І вядома, калі ім дасылае ліст Мінюст, людзі палохаюцца,  “а што гэта, яны хочуць нешта праверыць, яны там не давяраюць”.

У мяне ёсць такая прапанова, каб людзей не палохаць, каб Мінюст праводзіў усе сходы грамадскіх аб’яднанняў у сябе ў Міністэрстве, каб не было потым гэтых пытанняў, ці сапраўды гэты сход быў. 

Беларускае Радыё Рацыя спрабавала скантактавацца з Алена Кірычэнкай з управы па справах некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі, ад імя якой прыйшлі лісты да ўдзельнікаў “Сацыяльна-Хрысціянскага Руху”. На жаль, працоўны тэлефон чыноўніка не адказваў.

Матэрыял у гукавым фармаце:

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя