Мінздароўя адрэгавала на звесткі пра змяншэнне колькасці медычных работнікаў



За год у Беларусі стала на 383 лекара-спецыяліста менш. Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала каментар наконт кадравай сітуацыі ў сувязі з распаўсюдам афіцыйнай статыстыкі аб чыстым адтоку медычных работнікаў на 754 чалавекі за студзень 2021 года.

Міністэрства пацвердзіла праўдзівасць гэтых лічбаў, але ўдакладніла, што ў гэтыя 754 уваходзяць не толькі лекары, але і сёстры-гаспадыні, санітары, супрацоўнікі дамоў-інтэрнатаў, прытулкаў, цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, ветэрынарных клінік і санаторна-курортных установаў.

Лекараў-спецыялістаў у Беларусі па выніках 2020 года было 48 635, што менш за 2019 год на 383. Паводле Мінздароўя, змяншэнне адбылося за кошт спецыялістаў пенсійнага ўзросту, і асноўная прычына іх звальнення — «сітуацыя па інфекцыі COVID-19». Вакансіяў лекараў-спецыялістаў на 10 сакавіка было 2 835. Агулам у галіне аховы здароўя за 2020 год звольненых было больш за прынятых на працу на 3391 чалавека.

Пра звальненні медыкаў праз палітычныя погляды або за ўдзел у пратэстах міністэрства не згадвае.

Фота: Тут.бай