Мінздароўя Беларусі зняпраўдзіла інфармацыю расейскага тэлебачання



Міністэрства аховы здароўя зняпраўдзіла паведамленне расейскага Першага канала пра выпадак смерці ад каронавіруса ў Беларусі.

Як адзначае прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, 1 сакавіка ў выпуску навін на гэтым канале было заяўлена, што ад каранавіруса „першыя смерці зафіксаваныя ў ЗША, Аўстраліі, Тайландзе, Беларусі”.

Гэтая інфармацыя ў дачыненні да Беларусі „з’яўляецца хлуснёй і не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю”, гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце Міністэрства аховы здароўя. „У Рэспубліцы Беларусь на сённяшні дзень зарэгістраваныя тры выпадкі, у якіх вылучаны фрагмент РНК, што, верагодна, належыць тыпу каранавіруса COVID-19. Усе тры пацыенты адчуваюць сябе здавальняюча, клінічных сімптомаў захворвання ў іх няма, — адзначаецца ў рэлізе. — У сувязі з распаўсюджваннем фэйкавай інфармацыі ў дачыненні да нашай краіны будуць прынятыя адпаведныя меры рэагавання таксама па лініі Міністэрства замежных спраў”.

Міністэрства аховы здароўя, МЗС і Мінінфарм заклікалі журналістаў быць адказнымі, уважлівымі і пераправяраць інфармацыю, што датычыцца „такой балючай для насельніцтва тэмы, як каранавірусная інфекцыя”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у краіне пацверджаныя тры выпадкі захворвання на каранавірус. Два пацыенты знаходзяцца ў медустановах у Менску, яшчэ адзін (жанчына) — у Віцебску. Ні ў каго з заражаных клінічных сімптомаў захворвання няма.

belapan.by