Мінздароўя: „дармаедам” не давядзецца аплочваць медпаслугі
Усе грамадзяне Беларусі па-ранейшаму будуць атрымліваць роўны доступ да медыцынскіх паслуг. Так міністр аховы здароўя Валерый Малашка адказаў журналістам на пытанне, ці будуць аплочваць выдаткі на ахову здароўя тыя грамадзяне, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце і не хочуць працаваць.
„Ні пра якую кампенсацыю выдаткаў на медыцынскую дапамогу не гаворым. Задача сацыяльнай палітыкі, і прэзідэнт пра гэта не раз сказаў, — мы абавязаны забяспечыць роўны доступ для ўсіх грамадзян нашай краіны да медыцынскіх паслуг і аказання меддапамогі”, — цытуе БЕЛТА словы міністра.
Як паведамлялася раней, згодна з дэкрэтам №1 Аляксандра Лукашэнкі, працаздольныя грамадзяне, якія не працуюць, з 1 студзеня 2019 года будуць аплочваць паслугі, субсідаваныя дзяржавай. Спіс гэтых паслуг да 1 красавіка 2018 года мусіць скласці ўрад.
Паводле БелТА