Мінздароўя: другія суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 меншая за сотню



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 68.250 (+84 за апошнія суткі), памерлі 574 чалавекі (+3), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Другі дзень запар сутачны прырост інфікаваных складае менш за 100. У папярэднія суткі было 99 новых выпадкаў і чатыры смерці.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 63.163 пацыенты (за апошнія суткі 220). Такім чынам, вылечылася 92,5% захварэлых.

Праведзена 1.325.776 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 1.962.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх і якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як тры месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

4 жніўня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з пасланнем народу і парламенту, адзначыў, што Беларусь пераадолела пандэмію каранавіруса. „Эпідэмія сур’ёзна праверыла на трываласць і наша грамадства. Асноўная выснова: мы вытрымалі гэты экзамен і справіліся з гэтай бядой. Хто не сляпы, той бачыць. Хто не хоча гэтага бачыць, ён заўсёды будзе сляпым”, — заявіў ён.

Плюсамі беларускай сістэмы аховы здароўя Лукашэнка назваў захаваныя інфекцыйныя бальніцы, санітарныя службы, дастатковы ложкавы фонд, забяспечанасць дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем. „Галоўнымі мінусамі і небяспекай былі невядомасць новага віруса, масавы характар яго распаўсюджвання, адсутнасць адзіных апрабаваных методык лячэння. Але на другой шалі, якая ў выніку пераважыла, у нас былі беларуская навука, самаадданасць лекараў і, самае галоўнае, годныя паводзіны грамадзян, асабліва старых. У нашых шпіталях не сартавалі хворых, як на фронце: маладзейшы, мацнейшы — будзе жыць, будзем лячыць, ратуем, а гэта стары, ён і так адыдзе”, — заявіў афіцыйны лідар.

„На кожным этапе барацьбы з гэтай бядой мы прымалі адэкватныя меры, — лічыць Лукашэнка. — І сёння ўсе краіны прызнаюць, што мы зрабілі правільна. Але які націск быў спачатку? Шаблонныя для ўсіх краін рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, неадкладны каранцін, каменданцкая гадзіна, закрыццё межаў, спыненне прадпрыемстваў. Як вы разумееце сёння мяне, на гэта я пайсці не мог”.

Лукашэнка прызнаў, што, „вядома, не ўсё было гладка, у такім напружанні немагчыма было абысціся без лакальных памылак і перагібаў”. „Многія людзі былі незадаволеныя. Але галоўнае — адэкватная рэакцыя з боку ўлады на крытыку. Мы імгненна стараліся выпраўляць недахопы. Уся „вертыкаль” улады працавала зладжана. Прэзідэнт штодня раніцай і ўвечары прымаў даклады штабоў і каардынаваў усю працу ўрада і рэгіёнаў… Патрабаванне з кадраў было арганізаванае па стандартах ваеннага часу, але без хаосу, панікі”, — сказаў ён.

Паводле слоў афіцыйнага лідара, удалося выратаваць пажылых людзей у дамах састарэлых, якіх у краіне 150. „Вы бачылі, як на Захадзе: пакуль прыедуць лекары — няма ні аднаго жывога чалавека. Мы гэтых людзей выратавалі”, — адзначыў ён.

Лукашэнка заклікаў не капіяваць чужыя рэцэпты. „А яшчэ, калі хочаце, трэба давяраць. Давяраць урачам, спецыялістам і, даруйце мне за гэты выраз, давяраць уладзе, калі вы яе выбралі”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Ён чарговы раз выдаў свае рэцэпты барацьбы з вірусам: „Кожнаму ў аснову трэба пакласці здаровы лад жыцця, правільнае харчаванне, свежае паветра і заняткі спортам. Свежае паветра і заняткі спортам — гэта вам кажа чалавек, які сам гэта прайшоў. Будзеце сядзець дома — будзеце хварэць заўсёды”.

belapan.by