У ВНУ ўводзіць каранцін не плануюць



Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя адказалі на пытанні пра каронавірус.

Беларусь добра падрыхтаваная нават на выпадак найгоршага сцэнару развіцця пандэміі Covid-19. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік на прэс-канферэнцыі, на якой ён адказаў анлайн на пытанні студэнтаў. Між іншым паступіла пытанне: ці хопіць у Беларусі апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) у выпадку разгортвання пандэміі па найгоршым сцэнары, як адбылося ў Італіі? Міністр запэўніў, што “медыкі робяць усё, каб не даводзіць сітуацыю да таго, каб у масавай колькасці спатрэбіліся апараты ШВЛ. Але мы правялі поўную рэвізію наяўнага… абсталявання…  У ЗША на 100 тысяч жыхароў прыпадае 12,9 апаратаў ШВЛ, у Італіі, здаецца, — 8,8. Калі браць усё наркозна-дыхальнае абсталяванне, то ў Рэспубліцы Беларусь гэта лічба 38, чыста апараты ШВЛ — гэта болей за 25”, — сказаў міністр.

 

Адно з пытанняў закранала меры прафілактыкі каронавіруса, і чаму ў Беларусі не выкарыстоўваюць практыку Кітая, дзе ў пачатку і ў канцы дня людзей правяраюць на наяўнасць сімптомаў захворовання.

На гэтае пытанне адказаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, паводле якога такая практыка ўжо пераймаецца:

– Усе сацыяльныя работнікі, паштальёны, якія цесна кантактуюць са сталымі людзьмі, заводзяцца журналы, саматэсціраванне два разы ў дзень, вымярэнне тэмпературы цела. І кожны дзень перад пачаткам працы яны мусяць пацвердзіць, што ў іх няма ніякіх прыкмет захворвання і назваць, якая ў іх тэмпература. Паралельна выбарачна будзе праводзіцца і знешняе тэсціраванне, каб упэўніцца, што людзі выконваюць абавязкі сумленна. І, думаю, што да гэтай практыкі будуць падключацца і іншыя службы.

Падчас анлайн прэс-канферэнцыі прадстаўнік Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч у адказе на пытанне пра каранцін у вышэйшых навучальных установах адзначыў, што на сёння такой неабходнасці няма. А міністр Каранік дадаў, што дыстанцыйнае навучанне не апраўдала сябе, на прыкладзе БНТУ. “Студэнты ўзялі і раз’ехаліся па бацьках”, — сказаў ён.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншот з відэа