Мінздароўя перапрафілюе ўсе лабараторыі для тэставання на COVID-19



 У сувязі з істотным ростам колькасці хворых на каронавірусную інфекцыю Міністэрства аховы здароўя вымушана мабілізуе ўсе рэсурсы для забеспячэння тэставання на COVID-19 метадам ПЦР-дыягностыкі, паведамляе прэс-служба ведамства.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, для гэтых мэтаў перапрафілююцца ўсе лабараторыі, на базе якіх могуць выконвацца дадзеныя даследаванні.

„Як і ў перыяд першай хвалі COVID-19, цяпер будуць задзейнічаныя рэсурсы прыватных медыцынскіх цэнтраў і лабараторных сетак. Міністэрства аховы здароўя выказвае падзяку кіраўнікам лабараторый прыватнай формы ўласнасці за падтрымку і ўзаемадапамогу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Усяго ў Беларусі маюць права праводзіць тэставанне на каронавірус COVID-19 метадам ПЦР больш за 50 лабараторый.

Намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка ў эфіры тэлеканале „Беларусь 1” 15 лістапада заявіў, што сітуацыя з захворваннем на каронавірус больш сур’ёзная, чым пры першай хвалі, рост можа спыніцца да новага года, і ў снежні-студзені Беларусь можа выйсці на плато. Зніжэнне ўзроўню захворвання ён прагназуе вясной і нават бліжэй да лета.

На 15 лістапада ў Беларусі зноў зафіксаваны рэкордны сутачны прырост колькасці хворых. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі на раніцу нядзелі дасягнула 114.185 (+1.315 за апошнія суткі), памерла 1.046 (+7) чалавек.

belapan.by