Мінздароўя распрацавала рэкамендацыі па пахаванні памерлых ад каронавірусу
У дакуменце пералічваюцца меры засцярогі, якія трэба прадпрымаць пры выдачы цела, развітанні і пахаванні.
Крэмацыя не з’яўляецца абавязковай. Перад выдачай цела памерлага дэзынфікуецца, бальзамаванне не рэкамендуецца. Пахаванне праводзіцца ў дзень выдачы цела. На цырымоніі развітання рэкамендуецца мінімізаваць колькасць прысутных. Труна можа быць і адкрытай, і закрытай. Дакранацца да памерлага, цалаваць яго нельга. Больш за тое, трэба захоўваць дыстанцыю (не менш метра ад памерлага). Пасля цырымоніі трэба старанна вымыць рукі з мылам, прадэзынфікаваць антысептыкам. А тыя людзі, якія апускаюць труну ў магілу, павінны мець ахоўныя маскі і пальчаткі.
Мінздароўя падкрэслівае, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя сведчыць: целы памерлых ад каронавірусу не зʼяўляюцца крыніцай інфекцыі. Аднак даследаванні працягваюцца, таму рэкамендавана ўжываць дадатковыя меры засцярогі да часу, пакуль не зʼявіцца новая інфармацыя.
У Беларусі на 20 красавіка налічвалася 51 ахвяра COVID-19.
Беларускае Радыё Рацыя