Мінздароўя рэкамендуе перавесці работнікаў на выдаленую працу



Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамендуе дзяржпрадпрыемствам, дзяржорганам і іншым дзяржаўным арганізацыям па магчымасці пераводзіць работнікаў на выдаленую працу. Адпаведны ліст, з якім азнаёміўся БелаПАН, разасланы прадпрыемствам і арганізацыям.

Асоб, якія прыбылі з замежных краін, Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе дапускаць да працы толькі пасля заканчэння тэрміну самаізаляцыі.

„Пры наяўнасці магчымасці арганізаваць дыстанцыйны спосаб працы, без наведвання установы”, — гаворыцца ў лісце.

На думку міністэрства, „гэта дазволіць скараціць рызыку інфікавання рэспіраторныя вірусамі, напрыклад пры карыстанні грамадскім транспартам па шляху на працу, і скароціць рызыку распаўсюджвання рэспіраторных вірусаў ад чалавека, калі ён інфікаваны і знаходзіцца ў грамадскім месцы”.

У лісце таксама гаворыцца, што не варта дапускаць да працы асоб з прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі (насмарк, чханне, кашаль, павышаная тэмпература цела). „Пры наяўнасці сімптомаў рэспіраторнай інфекцыі чалавек павінен застацца дома, выклікаць лекара дамоў, скараціць кантакты з навакольнымі, прытрымлівацца рэкамендацый лекара”, — адзначае міністэрства.

Рэкамендавана арганізаваць адлегласць у адзін—паўтара метра паміж працоўнымі месцамі супрацоўнікаў і захоўваць такую ж дыстанцыю з наведвальнікамі офісаў.

Беларускім прадпрыемствам Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе адмяніць замежныя камандзіроўкі супрацоўнікаў да стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце. „У выпадку немагчымасці адмены працоўных паездак у замежныя краіны рэкамендуецца пазбягаць накіравання ў камандзіроўку супрацоўнікаў, якія маюць больш высокую рызыку інфікавання і развіцця ўскладненняў (асоб пажылога ўзросту, супрацоўнікаў, якія маюць хранічныя захворванні сэрца і органаў дыхання, цукровы дыябет і г.д.)”, — гаворыцца ў лісце.

Міністэрства таксама рэкамендуе арганізаваць рэгулярнае і як мага больш частае праветрыванне памяшканняў і ўвільгатненне паветра любымі даступнымі спосабамі, а пры магчымасці — „забяспечыць правядзенне дэзынфекцыі паветра”.

„Рэкамендуем праводзіць прафілактычныя меры, нават калі выпадкі інфекцыі каранавіруса ў населеным пункце не зарэгістраваныя, бо гэтыя меры дзейсныя для прафілактыкі інфікавання і распаўсюджвання любых рэспіраторных вірусаў, актыўных у гэты перыяд года”, — гаворыцца ў лісце Міністэрства аховы здароўя.

Згодна з афіцыйнымі звесткамі, на 8 красавіка колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каранавіруснай інфекцыі дасягнула 1.066 (суткі таму — 861), 13 чалавек памерлі, 976 — знаходзяцца на стацыянарным лячэнні.