Мінздароўя сертыфікавала айчынныя экспрэс-тэсты для дыягностыкі каронавіруса



Міністэрства аховы здароўя сертыфікавала айчынныя экспрэс-тэсты для дыягностыкі каронавіруса.

„Дыягностыка надзвычай важная сёння, таму міністэрства прыняло рашэнне аб паскоранай сертыфікацыі і выдачы дазволу”, — паведаміў БелаПАН уласнік віцебскай кампаніі-распрацоўшчыка „Сівітал” Сяргей Іваноў.

Тэст-сістэму для выяўлення РНК каронавіруса на аснове ПЦР-даследавання распрацавала група навуковых супрацоўнікаў „Сівітала” начале з доктарам медыцынскіх навук прафесарам Валерыем Сямёнавым. Яна дазваляе атрымаць вынік не больш як за паўтары гадзіны.

Выпуск тэст-сістэм і пастаўка ў віцебскія лабараторыі пачнецца 7 красавіка.

„Мы пачынаем вытворчасць з заўтрашняга дня — гэта прыблізна тры тысячы тэстаў у дзень. Далей — з нарошчваннем да 20 тыс. у дзень, — сказаў Іваноў. — У Віцебску будуць вызначаныя лабараторыі, якія будуць праводзіць даследаванні. Для пачатку будзем пастаўляць у Віцебск, Менск, Магілёўскую вобласць. Ужо ёсць заяўкі з Украіны, Расеі, Узбекістана, Казахстана”.

Суразмоўца адзначыў, што кампанія купіла неабходныя кампаненты для 100 тыс. тэстаў.