Мінздароўя: Сітуацыя з якасцю пітной вады ў трох раёнах Менска застаецца нестабільнай
Сітуацыя з якасцю пітной вады па шэрагу адрасоў у трох раёнах Мінска застаецца нестабільнай. Пра гэта паведамляе ў тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на вынікі даследавання пробаў вады, праведзенага Мінскім гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.
Адзначаецца, што за мінулыя суткі даследавана больш за 200 пробаў вады з Маскоўскага, Цэнтральнага і Фрунзенскага раёнаў. Па выніках даследаванняў якасці пітной вады ў начны час яна ў частцы тэрыторый Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў па арганалептычных (смак, пах, колер) паказчыках ужо адпавядае патрабаванням.
„Пры гэтым устаноўленыя адрасы жылых дамоў, арганізацый і прадпрыемстваў у Маскоўскім, Цэнтральным і Фрунзенскім раёнах, дзе яшчэ ёсць адхіленні значэнняў арганалептычных паказчыкаў вады (пах). Нестандартныя вынікі лабараторных даследаванняў рэгістраваліся па паказчыках „пах” — да 5 балаў пры норме 2, „акісляльнасць перманганатная” — 5,76 мгО/дм3 пры нарматыве не больш за 5 мгО/дм3, „нафтапрадукты” — 0,051-0,053 мг/дм3, аміяк — 0,051-0,053 мг/дм3″, — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя.
Там дадалі, што „падчас дынамічных назіранняў доля нестандартных проб скарацілася, але ўсё яшчэ адзначаюцца аб’екты, дзе па некаторых паказчыках вада не адпавядае патрабаванням гігіенічных нарматываў па паху, хлорарганічных злучэннях”. „Выяўленне нестандартных проб па паказчыку „пах” сведчыць пра нестабільную сітуацыі па якасці вады. Мікрабіялагічныя паказчыкі адпавядаюць патрабаванням”, — гаворыцца ў паведамленні.
Міністэрства аховы здароўя таксама адзначае, што пасля правядзення ачышчальных работ спецыялістамі „Мінскводаканала” пры падтрымцы МНС працягваюцца даследаванні пробаў вады па фізіка-хімічных паказчыках. Пра вынікі будзе паведамлена дадаткова.
Раніцай „Мінскводаканал” на сваім сайце паведаміў, што спадзяецца „ў самым хуткім часе на зняцце забароны на выкарыстанне водаправоднай вады для піцця пасля пацверджання яе якасці Мінскім гарадскім цэнтрам гігіены”. Паведамлення аб зняцці забароны дагэтуль не было.
Праблема з якасцю водаправоднай вады ўзнікла ў сталіцы 24 чэрвеня, калі жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў сталі скардзіцца на з’едлівы пах з водаправода. Выкарыстоўваць ваду было немагчыма. „Мінскводаканал” праводзіў прамыванне магістральных сістэм водазабеспячэння.
У той жа дзень Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўзяў пробы вады з сістэмы цэнтралізаванага пітнога водазабеспячэння названых раёнаў. Была ўсталяваная неадпаведнасць пітной вады санітарным нормам, але жыхарам сталіцы пра гэта стала вядома толькі праз суткі.
У некалькіх раёнах горада быў арганізаваны падвоз вады аўтацыстэрнамі, працягнуты рэжым працы трох пітных фантанаў, якія забяспечваюцца з падземных крыніц. Мясцовыя жыхары былі вымушаныя стаяць па ваду ў доўгіх чэргах.
За суткі хуткая дапамога выязджала да 15 пацыентаў, якія звязвалі пагаршэнне свайго стану з ужываннем вады.
Генпракуратура паведаміла, што „ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян” праводзіцца „праверка выканання заканадаўства аб пітным водазабеспячэнні”.
Праблему з няякаснай вадой гарадскія службы спрабавалі вырашыць на працягу 25 чэрвеня. Старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак заявіў, што прычыны праблемы пакуль не ўстаноўленыя.
„У зону сістэмы водазабеспячэння, дзе ўзніклі праблемы з якасцю вады, трапіла 2.569 дамоў. У 96% з іх ужо завершаныя работы па прамыванні водаправодаў. Цяпер гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі ў асобных пунктах, іх каля 100, робіцца аналіз вады. Калі вынікі будуць станоўчымі, існыя абмежаванні па спажыванні пітной вады будуць знятыя”, — цытаваў Сівака тэлеграм-канал гарвыканкама ўвечары 25 чэрвеня.
Паводле слоў кіраўніка горада, зыходзячы з дакладаў службаў, адна з версій звязаная з выкананнем тэхнічных рэгламентаў пасля правядзення работ па замене часткі вадавода. „Для правядзення адпаведных наглядных дзеянняў і ўстанаўлення сапраўдных прычын Мінскі гарвыканкам звярнуўся ў пракуратуру”, — сказаў Сівак.
Ён зазначыў, што праблемы з вадой паўсталі ў тых раёнах, куды вада падаецца з паверхневых крыніц. Першыя звароты аб якасці вады сталі паступаць ад жыхароў Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, таму што іх тэрыторыя знаходзіцца побач з ачышчальнымі станцыямі. „Да астатніх няякасная вада дайшла пазней, таму што адлегласць большая. Гэта мікрараёны чыгуначнага вакзала і частка Курасоўшчыны ў Кастрычніцкім, Няміга — Ціміразева ў Цэнтральным”, — заявіў старшыня Мінгарвыканкама.
belapan.by