Мінздароўя ўстанавіла правілы паводзінаў людзей у самаізаляцыі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўстанавіла правілы паводзінаў у двухтыднёвай самаізаляцыі асоб, якія прыбылі з краін, дзе рэгіструюць выпадкі інфекцыі COVID-19. Правілы зацверджаныя пастановай ад 31 сакавіка № 24 „Аб правілах паводзін у самаізаляцыі і форме анкеты асоб, якія прыбылі з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVID-19”, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Згодна з правіламі, асобы, якія прыбылі ў краіну, не павінны пакідаць месца пражывання (знаходжання) і наведваць месцы працы (вучобы), крамы, гандлёвыя цэнтры, аб’екты грамадскага харчавання, спартыўныя, выставачныя і канцэртныя залы, кінатэатры, вакзалы і іншыя месцы масавага знаходжання людзей, за выключэннем выпадкаў апошняй неабходнасці.
Яны павінны карыстацца паслугамі інтэрнэт-магазінаў для набыцця тавараў, выключаючы непасрэдны кантакт з асобамі, якія даставілі тавар; павінны выконваць шэраг гігіенічных мерапрыемстваў (старанна мыць рукі з мылам не менш як 20 секунд альбо выкарыстоўваць антысептык для апрацоўкі рук; выкарыстоўваць аднаразовыя насавыя хустачкі або сурвэткі з наступнай утылізацыяй ў зачынены кантэйнер для смецця або пластыкавы пакет і інш.).
У выпадку пагаршэння стану здароўя (павышэнне тэмпературы цела да 37℃ і вышэй, з’яўленне кашлю, задышкі) неабходна звярнуцца ў хуткую медыцынскую дапамогу па тэлефоне 103 або SMS-паведамленнем і расказаць пра пра сваё знаходжанне ў краінах, дзе рэгіструюць выпадкі COVID-19, і пра самаізаляцыю.
Пастанова набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.
Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, на 2 красавіка ў Беларусі было зарэгістравана чатыры смерці ад COVID-19. Як вынікае з паведамлення міністэрства ў яго тэлеграм-канале, агульная колькасць выпадкаў заражэння каронавірусам дасягнула 300. На стацыянарным лячэнні знаходзяцца 254 чалавекі з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй. „У большасці выпадкаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме, — адзначае Міністэрства аховы здароўя. — 11 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, ім праведзеныя медыцынскія кансіліумы з удзелам вядучых інфекцыяністаў і анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Стан ацэньваецца як стабільны”.
Фота: Сяргей Бабылёў