Мінздраў супраць алкагольнага лобі: хто пераможа?



Сустаршыня па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі распавядае пра ініцыятывы Міністэрства аховы здароўя па дэалкагалізацыі насельніцтва і пра тых, хто блакуе такія прапановы.

16ed2dd6_d6bc_4ea7_9d53_20fe6358ab7e_w987_r1_s

Як паведаміў першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады плануе прыняць шэраг мераў для зніжэння ўзроўню ўжывання алкаголю. У прыватнасці, праграма прадугледжвае зніжэнне ўжывання алкагольных напоеў на душу насельніцтва да 9,2 літра на год.

Віталь Рымашэўскі: У нас гатовыя прапановы па змене заканадаўства аб ахове здароўя, што датычна дэалкагалізацыі насельніцтва. І ў беларускіх уладаў ужо ёсць на стале гэтыя прапановы. Я хачу сказаць, што часткова дзяржава ідзе на саступкі, хаця часам гэта нагадвае сітуацыю, калі робіцца некалькі крокаў наперад, а затым столькі ж, а то і больш назад. Напрыклад, па нашай ініцыятыве ў мінулым годзе адмянілі ўскосную рэкламу алкаголю, пачалі абмяжоўваць час продажу алкагольных напоеў, але ў той жа час у Менску знялі гэтыя абмежаванні. Хаця па ўласных адчуваннях ва ўладзе ёсць людзі, каторыя гатовы ўспрымаць нашыя ініцыятывы пазітыўна. Бачылі разуменне праблемы з боку віцэ-прэм’ера Сямашкі, калі з ім сустракаліся. Іншая справа, што многія такія ініцыятывы па-ранейшаму блакуе алкагольнае лобі, якое імкнецца да прыбытку за кошт продажу алкаголю. І заявы прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя застануцца пустымі заявамі, калі яны не будуць абароненыя і грамадскімі кампаніямі, і працай па прасоўванню сваіх ініцытыў. Немагчыма змагацца з алкагалізацыяй насельніцтва, калі гэта будзе толькі праграмай Міністэрства аховы здароўя. Трэба, каб з’явіліся міжведамасныя праграмы, каб было задзейнічана Міністэрства гандлю і сацыяльныя службы, якія працуюць па прафілактыцы альбо лячэнні алкагольнай і наркалагічнай залежнасці. Патрэбна прафілактыка і прапаганда здаровага ладу жыцця. І гэта не проста мерапрыемства, дзе раз на год прабягуць на лыжах ці на ролікавых каньках. Таму прапановы Мінздрава акутальныя і неабходныя, але працаваць у гэтым накірунку неабходна ўсім гуртом.

РР: Хто ўваходзіць у праалкагольнае лобі?

Віталь Рымашэўскі: Перадусім гэта мясцовыя выканкамы, якія маюць “хуткія грошы” ў мясцовы бюджэт за кошт продажу алкаголю. Таксама гэта ўласнікі прадпрыемстваў, якія займаюцца вырабам алкагольнай прадукцыі, якія стаяць на абароне сваіх інтарэсаў. Ды і Міністэрства гандлю не павінна чыніць перашкоды.

РР: Наколькі моцнае гэтае лобі?

Віталь Рымашэўскі: Досыць моцнае, бо ўжо доўгі час не ўдаецца яго зламаць. І тут галоўнае слова павінна сказаць кіраўніцтва краіны. Яно павінна зразумець, што прыбыткі ад проадажу алкаголю вялізныя, але яшчэ большыя выдаткі нясе дзяржава ад таго, што павінна лекаваць людзей, якія з-за алкаголю губляюць здароўе, трапляюць у аварыі… Гэта велізарныя страты для медыцыны!

Кастусь Заблоцкі,Беларускае Радыё Рацыя