Міраслаў Лазоўскі: Не бачу сэнсу звяртацца ў ААН…
Адзін з фігурантаў “справы “Белага легіёна” Міраслаў Лазоўскі распавёў, чаму ён вырашыў не звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргі былых фігурантаў “справы “Белага легіёна” Віктара Данілава, Андрэя Дундукова, Віктара Мароза і Сяргея Стрыбульскага, паведамляе spring96.org.
Нагадаем, што затрыманні па “справе патрыётаў” пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка 2017 года. Паведамлялася, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэнаваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт. 293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).
Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фармаванні.
У выніку віна іх не была даказана, а справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства, і яна нават не дайшла да суда.
Міраслаў Лазоўскі: Я з самага пачатку не меў ружовых акуляраў. Па вялікім рахунку, калі справа не дайшла да суда, то перад людзьмі павінны былі б хаця б выбачыцца за тое, што іх доўгі час утрымлівалі ў СІЗА, і, можна сказаць зняславілі на ўсю краіну. З нас рабілі ледзь не тэрарыстаў.
Але пасля закрыцця правы ўсё на гэтым і закончылася. Ні выбачэнняў, ні кампенсацыі. Відаць, нават фармальныя выбачэнні ўлада палічыла б за сваю паразу. Дзяржава дзейнічала па прынцыпе: тое, што вы на свабодзе, гэта не ваша заслуга, а наша недапрацоўка. Таму я не бачыў ніякага сэнса ў падачы скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.
РР: Але ж Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі вырашылі прайсці ўсе ступені абскарджання…
Міраслаў Лазоўскі: І гэта таксама правільна, я паважаю іх пазіцыю. Яны ж судзіліся і з патрабаваннем маральнай кампенсацыі за знаходжанне ў СІЗА, але атрымалі адмову. Таму вырашылі, відаць, паставіць ужо апошнюю кропку ў справе.
РР: “Справа патрыётаў” ужо канчаткова здадзена ў архіў?
Міраслаў Лазоўскі: Яе закрылі, але, наколькі мне вядома, на працягу дзесяці год па ёй можа быць адноўлена пракурорская праверка. Хаця ўсе мы атрымалі паперы, што справа закрыта.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя