Міраслаў Лазоўскі: Уладам патрэбна гэтая крымінальная справа
Былы фігурант “справы патрыётаў” Міраслаў Лазоўскі пракаментаваў крымінальную справу, па якой праходзяць блогер Сяргей Ціханоўскі і яго паплечнікі.
Як паведаміў 8 чэрвеня Следчы камітэт, блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі, дзеянні аднаго з іх дадаткова кваліфікаваныя следствам па арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Паводле першага артыкула прадугледжваецца штраф, або арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Паводле артыкула 364 — арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.
Міраслаў Лазоўскі: Гэтая справа ў нечым падобная да нашай “справы патрыётаў”, калі падчас пратэстаў супраць дэкрэта аб “дармаедах” узбудзілі крымінальную справу, а мяне разам з іншымі кінулі на некалькі месяцаў за краты.
Прыкладна тое самае адбываецца і зараз. “Крыміналка” ў дачыненні да Ціханоўскага і яго паплечнікаў патрэбна для ўладаў у першую чаргу таму, каб іх ізаляваць. Але сама справа настолькі смешная і груба зрэжысаваная, што нават апалітычныя людзі ўсё разумеюць.
Сёння ж – не старажытныя часы, усё здымаецца на камеру і праз нейкі час гэта бачаць сотні тысяч і мільёны людзей.
Але, відаць, уладам не да таго, каб дзейнічаць “элегантна”. Ціханоўскі стаў ім папярок горла, і яны вырашылі адправіць яго за краты хаця б на некаторы час.
РР: “Справа “Белага легіёна” нават да суда не дайшла. Тое самае будзе і зараз?
Міраслаў Лазоўскі: Не выключана. Артыкул прадугледжвае і зняволенне, і штраф, таму пасля выбараў справу могуць спусціць на тармазах.
Але ў любым выпадку да 9 жніўня хлопцы застануцца ў ізалятары. Напэўна, усё будзе залежыць ад той сітуацыі і абстаноўкі, у якой пройдуць выбары.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбука Міраслава Лазоўскага.