Усе фігуранты справы „Белага легіёна” вызваленыя



Усе фігуранты крымінальнай справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання (так званай справы „Белага легіёна”) вызваленыя з СІЗА.

Пра тое, што астатнія фігуранты гэтай крымінальнай справы павінны быць вызваленыя 30 чэрвеня, паведаміў сёння журналістам старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. На той момант у СІЗА знаходзіліся двое абвінавачаных — Віктар Мароз і Міраслаў Лазоўскі.

„Справа знаходзіцца на маім асабістым кантролі. Зараз мы мяркуем, што падстаў для знаходжання пад вартай фігурантаў па справе няма, і таму прынялі такое рашэнне. Што да перспектыў, то пра іх казаць рана — усё пакажа следства”, — сказаў Наскевіч.

Многія назіральнікі звязваюць вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе ў Менску 5—9 ліпеня. У ёй чакаецца ўдзел прыкладна 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.

Затрыманні паводле абвінавачання ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля заявы, якую зрабіў Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка — за тры дні да Дня Волі, да якога апазіцыя рыхтавала традыцыйную вулічную акцыю. Лукашэнка заявіў пра „баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй”.

КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба „Белы легіён” (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш як 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба „Патрыёт” і не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту”. Пазней некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, дамашні арышт). Пазней частцы абвінавачаных было выстаўленае дадатковае абвінавачанне на падставе артыкула 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання).

У сярэдзіне чэрвеня стала вядома, што КДБ закрыў крымінальную справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання перадаў у Следчы камітэт.

13 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа „Белага легіёна” да суда. „Справа ў тым, што следства аб’ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур’ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэтая праца ідзе для таго, каб аб’ектыўна разабрацца”.

Пра тое, што ЕЗ уважліва сочыць за гэтай рэзананснай справай, заяўляла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.

belapan.com