Міраслава Лазоўскага пасмяротна ўзнагародзілі Ордэнам Жалезнага рыцара



Рада БНР пасмяротна ўзнагародзіла Міраслава Лазоўскага Ордэнам Жалезнага рыцара. Гэта першае вядомае прысуджэнне ўзнагароды з 1952 года, паведамляе reform.by.

Ордэн Жалезнага рыцара – вышэйшая ваенная ўзнагарода Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна са сваім статутам, Ордэн з’яўляецца аб’яднаннем кавалераў, адзначаных „за выбітнае паспяховае камандаванне арміяй або атрадам альбо за асабісты гераічны воінскі подзвіг”.

Ордэн быў заснаваны ў 1949 годзе ўказам старшыні Рады БНР Мікалая Абрамчыка. Вядома пра шэсць папярэдніх узнагароджаных.

Ордэн Жалезнага рыцара трактуецца Радай БНР як беларускі пераемнік ордэна Virtuti Militari, заснаванага ў апошнія гады Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, кавалерам якога ў той час стаў Тадэвуш Касцюшка.