Мірныя акцыі на Берасцейшчыне мяняюць свой фармат
Берасцейскія пратэсты ідуць на спад, але ў той жа час адбываецца пошук новай эфектыўнай формы акцый. Адзін з падыходаў, што быў выкарыстаны ў часе нядзельных пратэстных рухаў — гэта дэцэнтралізацыя.
Кажа наша карэспандэнтка Аліса Поль:
– Пратэстныя акцыі на Берасцейшчыне ў параўнанні з мінулымі месяцамі сталі не такімі масавымі, але ў той жа час сілавікам значна складаней стала супрацьстаяць ім. Прыкладам з’яўляюцца апошнія нядзельныя акцыі, дзе агулам па вобласці было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек.
У малых гарадах у рэгіёне пратэсты хутчэй перарастаюць у асобныя перформансы, дзе каля шашы ці ў асобных кутках населенага пункту людзі выходзяць з бел-чырвона-белымі сцягамі і праз пэўны час разыходзяцца.
Яшчэ адна адметная рыса — больш увагі стала надзяляцца менавіта лакальным актыўнасцям, такім як дваровыя святы. Там людзі маюць магчымасць пазнаёміцца адзін з адным, распавесці суседзям ці пераканаць іх у стаўленні да палітычнай сітуацыі ў краіне.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце