Міс Беларусь — 2018 стала Марыя Васілевіч з Менска
Пераможцай нацыянальнага конкурсу прыгажосці „Міс Беларусь — 2018”, фінал якога адбыўся ўвечары 4 траўня ў сталічным Палацы спорту, стала 20-гадовая студэнтка БДЭУ Марыя Васілевіч з Менска.
Пераможца будзе прадстаўляць краіну на конкурсе „Міс свету” сёлета, а таксама ўдзельнічаць у розных культурных, дабрачынных акцыях у Беларусі і за яе межамі. Акрамя кароны з белага золата, упрыгожанай каштоўнымі камянямі, Марыя Васілевіч атрымала спецыяльныя прызы, у тым ліку пазадарожнік Geely Atlas.
Першай віцэ-міс стала 22-гадовая Маргарыта Мартынава са Слоніма (Гарадзенская вобласць), яна атрымала права прадстаўляць Беларусь на конкурсе „Міс Супранэшнл”. Другой віцэ-міс журы назвала 18-гадовую менчанку Анастасію Лаўрынчук.
На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік адміністрацыі Наталля Качанава, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі.
На тытул прэтэндавалі 30 дзяўчат, кожная з якіх прайшла абласныя кастынгі, паўфінал. Першапачаткова было больш за 700 прэтэндэнтак.
Нацыянальны конкурс прыгажосці „Міс Беларусь” праводзіцца адзін раз у два гады для вызначэння прадстаўніц Беларусі на міжнародных конкурсах прыгажосці. Праходзіць у тры этапы, з іх першы і другі з`яўляюцца адборачнымі, трэці — заключным. У конкурсе могуць прымаць удзел дзяўчаты з добрымі знешнімі дадзенымі, якія адпавядаюць наступным патрабаванням: маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываюць на яе тэрыторыі (незалежна ад месца вучобы, працы); ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў уключна на дату правядзення фіналу; маюць рост не ніжэйшы за 174 см; не маюць на целе татуіровак і пірсінгу; ніколі не былі ў шлюбе; не маюць дзяцей.
Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца ўладальніцы тытула „Міс Беларусь” і пераможніцы ў намінацыях папярэдніх нацыянальных конкурсаў прыгажосці „Міс Беларусь”, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да фота- і відэаматэрыялаў, якія носяць эратычны або парнаграфічны характар.
Тытул папярэдняга конкурсу „Міс Беларусь — 2016” заваявала таксама мінчанка Паліна Барадачова.
Нацыянальны конкурс прыгажосці „Міс Беларусь” праводзіўся ў 11-ты раз.