Місія СААЗ: Беларусь уваходзіць у новую фазу ўспышкі COVID-19



Беларусь уваходзіць у новую фазу эвалюцыі ўспышкі інфекцыі COVID-19, і цяпер час „рыхтавацца да горшых сцэнарыяў і ўмацоўваць узаемадзеянне ўрада з усім грамадствам”, заявіў кіраўнік місіі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Патрык О`Конар на брыфінгу ў Менску 11 красавіка.

Паводле яго слоў, СААЗ рэкамендуе Беларусі ўкараняць дадатковыя меры ўсеагульнага фізічнага дыстанцыявання. У ліку гэтых мер забеспячэнне каранціну кантактных асоб, аддаленае навучанне, тэлеканферэнцыі, абмежаванне масавых мерапрыемстваў, адзначыў Патрык О`Конар. „Гэта можа запаволіць распаўсюджвання віруса і нарасціць магутнасці сістэмы аховы здароўя”, — канстатаваў кіраўнік місіі.

„Фізічнае дыстанцыяванне — гэта не сацыяльная ізаляцыя, — падкрэсліў ён. — Вельмі важна, каб усё грамадства дапамагала сістэме аховы здароўя, выконваліся абмежавальныя меры”.

У сваю чаргу СААЗ, паводле яго слоў, гатовая аказваць Беларусі ўсебаковую падтрымку.

„Гэта забег на доўгую дыстанцыю, а не спрынт”, — дадаў ён.

belapan.by