Мітрапаліт Кандрусевіч адслужыў імшу пры Вострай Браме



21 лістапада Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч служыў Імшу ў віленскім касцёле святой Тарэзы (пры Вострай Браме), піша «Радыё Свабода». На пачатку службы ён заклікаў маліцца за Беларусь, якая «перажывае нябачны грамадска-палітычны крызіс, які працягваецца больш за тры месяцы, якому ня бачна канца і які можа завяршыцца грамадзянскай вайной».

«Мы ведаем, што такое падзеленае грамадзтва, яно будзе знішчана, як кажа Езус Хрыстос. А мы хочам, каб наша Бацькаўшчына жыла і была шчаслівай. Мы супраць гвалту, супраць няпраўды, супраць несправядлівасці і ўсё гэта асуджаем. Але мусім з любоўю ставіцца да кожнага чалавека, умець прабачаць тым, хто робіць зло. Гэта нялёгка, але трэба сузіраць крыж Езуса Хрыста, які сказаў: «Ойча, прабач ім, бо ня ведаюць, што робяць!» — зазначыў каталіцкі герарх.

Ён лічыць, што трэба прасіць у Бога ласкі, каб у грамадстве панаваў галоўны закон — любові да Бога і бліжняга.

«Які б іншы быў свет і наша краіна, калі б мы жылі паводле гэтага закону. Мы розныя, але павінны быць адзінымі ў жаданні шчасця для нашай Бацькаўшчыны», — заклікаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Амаль тры месяцы ён жыве за мяжой, у Польшчы. Улады Беларусі не пусцілі яго на радзіму, прызнаўшы пашпарт несапраўдным. У Вільні для мітрапаліта была другая імша на роднай беларускай мове — першую ён адслужыў у Польшчы. «Таму я вельмі рады, што, нягледзячы на складаныя абставіны, вас сабралася тут нямала», — звярнуўся ён да вернікаў.