Мітрапаліт Кандрусевіч: Беатыфікацыя Скарыны пакуль не ўяўляецца магчымай



18 кастрычніка. Беатыфікацыя вучонага і гуманіста XVI стагоддзя беларускага першадрукара Францыска Скарыны зараз не ўяўляецца магчымай. З такой заявай на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі выступіў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Беатыфікацыя прадугледжвае працэс прылічэння памерлага да ліку благаслаўлёных — людзей, якіх царква лічыць выратаванымі, і яны знаходзяцца на нябёсах. Благаслаўлёных не ўшаноўваюць на агульнацаркоўным узроўні — толькі на мясцовым. Беатыфікацыю неабходна адрозніваць ад кананізацыі (прылічэнне да ліку святых).

Заява мітрапаліта Кандрусевіча стала адказам на заклік міжнароднага аб’яднання „Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына” масава пісаць пробашчу менскага Чырвонага касцёла ксяндзу-каноніку Уладзіславу Завальнюку лісты з просьбай ініцыяваць працэс беатыфікацыі Скарыны.

„Касцёл з вялікай павагай адносіцца да асобы і заслугаў беларускага першадрукара Францішка Скарыны, — адзначыў каталіцкі іерарх. — У мінулым годзе прадстаўнікі Касцёла прымалі актыўны ўдзел у святкаванні юбілею 500-годдзя выдання ім Бібліі на роднай мове і з вялікай радасцю прынялі б пацверджанне яго святасці”.

Працэдура беатыфікацыі (працэс абвяшчэння благаслаўлёным) у каталіцкім касцёле акрэсліваецца Апостальскай канстытуцыяй Divinus perfectionis Magister папы Яна Паўла ІІ. Паводле гэтага дакумента, беатыфікацыйны працэс можа распачаць толькі біскуп таго месца, дзе пахаваны чалавек, пра беатыфікацыю якога ідзе гаворка. На жаль, дакладна невядома, дзе пахаваны Францішак Скарына. Гэты факт пакуль што не дае ніякіх шанцаў на распачацце працэсу яго беатыфікацыі„, — падкрэсліў мітрапаліт.

Паводле яго слоў, касцёльнае заканадаўства прадугледжвае мноства іншых умоў, неабходных для пачатку беатыфікацыі. Адной з галоўных, адзначыў ён, з’яўляецца „перакананне Божага народа ў святасці гэтага чалавека і ў гераічнасці цнотаў, якія ён практыкаваў у сваім зямным жыцці”. Акрамя таго, з моманту смерці кандыдата на беатыфікацыю „павінен існаваць яго культ сярод вернікаў”.

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі не давала ніякіх паўнамоцтваў кс. каноніку Уладзіславу Завальнюку збіраць матэрыялы для ініцыявання працэсу беатыфікацыі Францішка Скарыны. Працэс беатыфікацыі з’яўляецца перадусім юрыдычным актам, у якім неабходна захоўваць нормы касцёльнага заканадаўства. Тое, што прапануюць аўтары ініцыятывы, з’яўляецца некананічным дзеяннем і не мае ніякай юрыдычнай моцы ў каталіцкім касцёле. Сабраныя такім чынам матэрыялы не могуць быць далучаныя да працэсу беатыфікацыі ў выпадку яго распачацця біскупам месца, дзе пахаваны наш славуты зямляк„, — падсумаваў мітрапаліт Кандрусевіч.  БелаПАН