Мітрапаліт Кандрусевіч не адмяніў удзелу вернікаў у Велікодных набажэнствах



Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выдаў распараджэнне адносна цэлебрацыі Вялікага тыдня ва ўмовах пандэміі каранавіруса, паведамляе сайт catholic.by.

                                                 РАСПАРАДЖЭННЕ

Мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адносна цэлебрацыі Вялікага тыдня ва ўмовах пандэміі каронавірусу

              Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.

Завяршаецца Вялікі пост — час ласкі і навяртання, які ў гэтым годзе пазначаны выклікам эпідэміі каранавірусу. Ад усяго сэрца дзякую за вашую адказнасць і разуменне гэтага часу вялікіх абмежаванняў. Дзякую святарам і кансэкраваным асобам за іх ахвярнае служэння вернікам.

Сёлета Пальмовую нядзелю і Пасхальны трыдуум мы будзем перажываць, беручы пад увагу Дэкрэты Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 19 і 25 сакавіка 2020 г., а таксама Дэкрэт Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў ад 27 сакавіка 2020 г.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь, дбаючы пра духоўнае і фізічнае здароўе вернікаў і беручы пад увагу вышэйназваныя Дэкрэты, а таксама адсутнасць уведзеных кампетэнтнымі ўладамі абмежаванняў адносна супольнага знаходжання людзей і іх перамяшчэння, загадваю наступнае:

1. Набажэнства Пальмовай нядзелі на ўспамін урачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем правесці згодна са звычайным парадкам з працэсіяй, выкарыстоўваючы першую форму з Рымскага Імшалу, або, зважаючы на канкрэтныя ўмовы, паводле разважлівага меркавання пробашча, без працэсіі, выкарыстоўваючы другую ці трэцюю форму (урачысты альбо звычайны ўваход).

Калі дазваляюць умовы і надвор’е, то ўсё набажэнства або толькі працэсію з вербамі можна арганізаваць на прылеглай да касцёлаў тэрыторыі. 2. Імша Хрызма ў Вялікі чацвер 9 красавіка 2020 г. адбываецца як звычайна ў катэдрах у Мінску і ў Магілёве з удзелам дэканаў і святароў, якія пажадаюць далучыцца да цэлебрацыі.

3. Вечаровая Імша Вячэры Пана цэлебруецца паводле звычайнага парадку, абрад абмыцця ног прапускаецца. Беручы пад увагу канкрэтныя ўмовы і паводле разважлівага меркавання пробашча, можна не рабіць працэсію да сімвалічнай цямніцы, а Найсвяцейшы Сакрамэнт пакінуць у табэрнакулюме.

4. Набажэнства Вялікай пятніцы адбываецца як звычайна з наступнымі зменамі:

У малітве вернікаў дадаецца яшчэ адзін заклік, які абвяшчаецца пасля дзявятага закліку ў фармуляры, пададзеным у Рымскім Імшале. Тэкст закліку ў Дадатку.

Адарацыю Крыжа пацалункам здзяйсняе толькі цэлебрант. Іншыя ўдзельнікі набажэнства ўшаноўваюць Крыж укленчваннем або глыбокім паклонам.

5. Благаслаўленне велікодных страваў адбываецца як звычайна. Калі адпавядаюць умовы і надвор’е, можна здзейсніць гэта звонку на прылеглай да касцёла тэрыторыі.

6. Пасхальная вігілія цэлебруецца паводле звычайнага парадку. Зважаючы на канкрэтную сітуацыю і паводле разважлівага меркавання пробашча можна прапусціць благаслаўленне агню і працэсію з пасхалам. У такім выпадку набажэнства распачынаецца з запальвання і благаслаўлення пасхала пры алтары і абвяшэння Пасхі Exsultet. Літургія хросту можа быць абмежавана да аднаўлення абяцанняў хросту.

Вернікаў прашу прынесці з сабой ваду для асвячэння ў сваім начынні.

7. Рэзурэкцыйная працэсія адбываецца паводле мясцовага звычаю (пасля святой Імшы Пасхальнай вігіліі, дзе існуе такая практыка, або перад ранішняй святой Імшой у нядзелю Уваскрасення Пана). Паводле разважлівага меркавання пробашча, працэсія можа быць адменена.

8. Ахвяраванні вернікаў на Святую Зямлю ў гэтым годзе з Вялікай пятніцы пераносяцца на 13 верасня.

У гэтае распараджэнне могуць быць унесеныя змены, калі таго будзе патрабаваць сітуацыя.

Святарам, кансэкраваным асобам і вернікам жадаю Божага благаслаўлення і вытрымкі ў гэты час асаблівага выпрабавання, каб, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу, мы маглі годна падрыхтавацца і цэлебраваць як Пальмовую нядзелю, так і святы Пасхальны трыдуум.

Удзячныя лекарам і службам грамадскага парадку за іх ахвярнае служэнне, скіраванае на прадухіленне каранавірусу і лячэнне тых, хто заразіліся, звернем у гэты складаны час наш позірк на Бога і даверымся Яму, бо ў Ім — наша надзея.

З благаслаўленнем і пажаданнямі моцнага здароўя

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі

Менск, 31 сакавіка 2020 г.