Мітрапаліт Кандрусевіч пераабраны старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі



Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пераабраны старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ). Выбары кіраўніцтва гэтага калегіяльнага органа нацыянальнага царкоўна-адміністрацыйнага кіравання Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі адбыліся 11 красавіка ў Гародні падчас 69-га пленарнага пасяджэння ККББ, паведамляе сайт Гарадзенскай дыяцэзіі.

У двухдзённым пасяджэнні канферэнцыі ўдзельнічаюць усе каталіцкія біскупы Беларусі, апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр і апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

Віцэ-старшынёй ККББ абраны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, які змяніў на гэтай пазіцыі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. Генеральным сакратаром канферэнцыі застаўся дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Кіраўніцтва ККББ абранае на найбліжэйшыя тры гады.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў вёсцы Адэльск (Гарадзенскага раён). Год правучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Гарадзенскага педагагічнага інстытута (цяпер Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы), але пакінуў яго ў сувязі з абвінавачаннямі ў рэгулярным наведванні касцёла.

У 1970 годзе з адзнакай скончыў энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута (цяпер Санкт-Пецярбургскі політэхнічны універсітэт Пятра Вялікага), атрымаўшы дыплом інжынера-механіка па спецыяльнасці „гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі”. Пасля выпуску працаваў на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў.

У 1981 годзе Кандрусевіч скончыў Духоўную семінарыю ў Коўні і быў пасвечаны ў святары. У 1985 годзе атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, а ў 1988-м — ступень доктара тэалогіі. Увесь гэты час служыў вікарыем у касцёлах Вільні і Друскеніках.

У 1988 годзе Кандрусевіч стаў пробашчам гарадзенскай парафій Маці Божай Анёльскай і Святога Францыска Ксаверыя. У ліпені 1989 года папа рымскі Ян Павел II прызначыў яго апостальскім адміністратарам Менскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі.

У 1991 годзе Кандрусевіча ў сане архіепіскапа накіравалі служыць апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расеі, а ў 2002-м — мітрапалітам кафедры Маці Божай у Маскве. У 2007 годзе папа Бэнедыкт XVI прызначыў клірыка мітрапалітам Менска-Магілёўскім.

Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ўпершыню быў абраны 3 чэрвеня 2015 года.

belapan.by