Мітрапаліт Павел удзельнічае ў надзвычайным пасяджэнні Свяшчэннага Сінода РПЦ



Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл 17 кастрычніка склікаў надзвычайнае пазачарговае пасяджэнне Свяшчэннага сінода Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). Беларускі экзархат РПЦ на пасяджэнні прадстаўляе мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт Маскоўскага патрыярхату.

Экстранны сход звязаны з першым выпадкам прызнання Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ) кананічнай памеснай царквой, якую РПЦ лічыць раскольніцкім утварэннем.

«Сёння мы адкрываем надзвычайнае пазачарговае пасяджэнне сінода, прысвечанае разгляду пытанняў, якія ўзніклі ў агульнаправаслаўным парадку дня ў сувязі з сітуацыяй вакол Украіны і Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату. – БелаПАН.), – з прычыны вядомых вам дзеянняў Канстанцінопальскага патрыярхату і магчымых далейшых дзеянняў як Канстанцінопальскага патрыярхату, так і іншых цэркваў, звязаных з прызнаннем раскольніцкай групоўкі на Украіне», – сказаў на адкрыцці сходу патрыярх Кірыл.

«Вы разумееце, што гэта тэма закранае саму сутнасць міжцаркоўных адносін і яе негатыўнае развіццё можа парушыць усёправаслаўнае адзінства. Таму з поўнай адказнасцю за захаванне праваслаўнага адзінства і з поўнай адказнасцю перад нашымі вернікамі, перад нашым духавенствам і епіскапатам мы павінны прыняць сёння рашэнне па тых пытаннях, аб якіх я сказаў», – дадаў кіраўнік РПЦ.

На мінулым тыдні грэчаскія СМІ паведамілі, што архірэйскі сабор Эладскай праваслаўнай царквы прызнаў права патрыярха Канстанцінопальскага даць аўтакефалію ПЦУ, гэта значыць фактычна прызнаў кананічнасць новастворанай ва Украіне праваслаўнай царквы.

15 кастрычніка 2018 года Свяшчэнны сінод Рускай праваслаўнай царквы на пасяджэнні ў Менску прыняў рашэнне разарваць еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам з-за дзеянняў, якія пасля прывялі да прадастаўлення аб’яднаным непрызнаным украінскім цэрквам аўтакефаліі і ўтварэння незалежнай Праваслаўнай царквы Украіны.

Да Эладскай праваслаўнай царквы ніхто з 15 памесных праваслаўных цэркваў, акрамя Канстанцінопальскага патрыярхату, не прызнаваў кананічнасці ПЦУ.

БелаПАН