Мітрапаліт Павел выказаўся пра беларускую мову
Мітрапаліт Павел не супраць беларускай мовы ў храмах, але кажа, што не ўсім вернікам яна даспадобы. Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі падкрэсліў на сустрэчы з прэсай, што забароны на беларускую мову ў Беларускай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату няма. Але, паводле мітрапаліта, былі выпадкі, калі людзі пакідалі прыход, бо не разумелі богаслужбаў на беларускай мове, таму святару трэба добра падумаць, ці на карысць прыходу будзе ўвядзенне беларускай мовы:
– Гэта значыць, што трэба выпрацоўваць нейкі іншы падыход да гэтага. Магчыма, трэба зрабіць так: абвесціць пра тое, што давайце раз у тыдзень, напрыклад, ранішнія літургіі практыкаваць. Калі не будуць людзі прыходзіць, то не будзем працягваць гэтую практыку. Усюды павінна прысутнічаць пастырская адказнасць і пастырскі падыход. Але ўсе мусяць ведаць, што ніякіх забаронаў няма.
Сам мітрапаліт Павел прызнаўся, што пакуль не размаўляе на беларускай мове. «Я кажу, што я, як той цюцька: усё разумею, але сказаць нічога не магу».
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота pravoslavie.ru