Мітрапаліт Станеўскі заклікаў маліцца за краіну і народ: «Каб усе былі адно»



Прызначаны мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да духавенства, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, паведамляе catholic.by.

У сваім звароце ён сказаў: „Пан Бог кліча мяне да новага служэння ў сталіцы нашай дзяржавы ў самым цэнтры Еўропы, у Касцёле з багатай і слаўнай гісторыяй, якую пісалі яго духавенства і вернікі, дастойныя папярэднікі на катэдры Мінска і Магілёва, у тым ліку Сведка веры нашага часу святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Усё гэта вельмі абавязвае і ўскладае вялікую адказнасць, што, трэба прызнацца, на нейкі час нават спалохала мяне”.

Арцыбіскуп адзначыў, што ён адчувае ў гэтым прызначэнні „асаблівы клопат Святога Айца Папы Францішка пра сям’ю Каталіцкага Касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Год сям’і, які мы цяпер перажываем, а таксама яго давер да маёй сціплай асобы ў Год святога Юзафа. 

Дарагія браты і сёстры, звяртаюся да Вас з заклікам і просьбай прыняць мяне, бо я — «Юзаф, брат ваш» (пар. Быц 45, 4).

Чакаючы нашай сустрэчы для таго, каб далей ісці разам евангельскай дарогай жыцця, прашу вас аб малітве за Папу Францішка, біскупаў і духавенства, вернікаў архідыяцэзіі, за нашу краіну і наш народ, каб мы сапраўды маглі выканаць жаданне нашага Збаўцы Езуса Хрыста, аб чым Ён так горача прасіў Нябеснага Айца падчас апошняй вячэры: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21).