Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра ўмовы візіту Папы Францішка ў Беларусь (абноўлена)



Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што афіцыйныя запрашэнні ад беларускіх уладаў Папу былі перададзеныя праз Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці кардынала П’етра Параліна. Апошні наведаў Беларусь у першай палове сакавіка.

Але, як падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, запрашэнні не ёсць гарантыямі візіту Папы.

 – Атрымалі ад уладаў Беларусі запрашэнне, біскупы таксама запрашаюць. Праблема ў тым, што існуе няпісаны закон у Ватыкане, што, калі Папа едзе ў краіну, дзе Каталіцкі касцёл з’яўляецца ў меншасці, то павінен быць ціхі дазвол ці згода ад праваслаўнай царквы, каб ніхто не быў супраць.

Мітрапаліт прыгадаў пра сустрэчу Дзяржаўнага Сакрататара з кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Паўлам. Магчыма, тады абмяркоўвалася і пытанне візіту Папы. Пакуль Праваслаўная Царква не дае афіцыйнай інфармацыі наконт сваёй пазіцыі ў справе прыезду Папы Францішка.

* * *

Менскі гарадскі выканаўчы камітэт шукае месца пад Тэалагічную каталіцкую акадэмію. Улады ўжо зарэгістравалі Акадэмію ў якасці юрыдычнай асобы, паведаміў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч:

– Сітуацыя такая, што ўжо афіцыйна зарэгістраваная Акадэмія, цяпер яна юрыдычная асоба. Цяпер гарвыканкам шукае пляц пад тое месца, дзе будзе будучая Акадэмія. Я ўжо меў спатканні з уладамі і з галоўным архітэктарам. Спадзяюся, што гэтае пытанне будзе вырашана.

На сёння ў Беларусі налічваецца 54 дыяцэзіяльныя семінарысты, а таксама 49 семінарыстаў, якія належаць да манаскіх супольнасцяў. У краіне працуе каля чатырохсот сямідзясяці святароў, 110 з якіх прыбылі з Польшчы і Украіны.

 Беларускае Радыё Рацыя

Фота catholic.by